Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Полацкая езуіцкая акадэмія. Полацкі раён, г. Полацк

Указ аб заснаванні Полацкай езуіцкай акадэміі быў прыняты ў студзені 1812 года, а афіцыйнае яе адкрыццё адбылося за тыдзень да пачатку Айчыннай вайны.

Полацкая езуіцкая акадэмія складалася з трох факультэтаў: лінгвістычнага, дзе выкладаліся мовы і славеснасць (руская, польская, французская, нямецкая, лацінская, грэчаская і старажытнаяўрэйская); факультэта свабодных навук, на якім выкладаліся філасофія, паэзія, фізіка (агульная, прыватная і доследная), хімія, матэматыка чыстая і прыкладная, натуральнае права, рымскае і народнае права, гісторыя ўсеагульная і гісторыя прыродная; багаслоўскага факультэта, дзе вывучаліся маральнае багаслоўе, дагматычнае, свяшчэннае пісанне, кананічнае права і царкоўная гісторыя. Колькасць студэнтаў у акадэміі дасягала 600, а выкладчыкаў – 40.

Навучальны год у акадэміі працягваўся з 15 верасня да 15 ліпеня. Набор на першы курс складаў у сярэднім 100–120 студэнтаў. Навучанне доўжылася 4–5 гадоў. Напрыканцы кожнага курса студэнты павінны былі трымаць іспыт, які працягваўся пасля першага курса 30 хвілін, пасля другога і трэцяга – 1 гадзіну, пасля чацвёртага – 2 гадзіны. Хто не вытрымліваў іспытаў, на наступны курс не пераводзіўся.

Заняткі пачыналіся ў 8 і заканчваліся ў 16 гадзін. З 11 да 13 быў перапынак. Кожная лекцыя працягвалася 1 гадзіну. У аўторак і чацвер было толькі тры лекцыі – з 8 да 11 гадзін раніцы. Пасля абеду ў гэтыя дні студэнты займаліся музыкай, маляваннем, вучыліся танцаваць, выконвалі гімнастычныя практыкаванні, праводзілі спартыўныя спаборніцтвы. Мовы выкладаліся з 8 да 9 і з 13 да 14 гадзін штодня, пры гэтым цікава адзначыць, што студэнты два дні на тыдні павінны былі абавязкова наведваць заняткі па выбранай мове, а ў астатнія дні яны маглі вольна наведваць заняткі па іншых мовах. Беларуская мова не выкладалася і ў навучанні не ўжывалася.

За перыяд з 1814 да 1820 гг. у Полацкай акадэміі навуковую ступень доктара тэалогіі і кананічнага права атрымалі 11 чалавек, доктара тэалогіі – 33 чалавекі, магістра тэалогіі – 13 чалавек, магістра філасофіі – 9 чалавек, кандыдата філасофіі – 27 чалавек.

У акадэміі была багатая бібліятэка, добра абсталяваныя кабінеты. Вялікую ўдзельную вагу ў кнігавыданні Беларусі мела выдавецкая дзейнасць царкоўных друкарняў. Адна з іх належала Полацкай езуіцкай акадэміі (1787–1820), потым Полацкаму вышэйшаму піярскаму вучылішчу (1824–1831). За 19 гадоў дзейнасці з яе станкоў выйшла 415 кніг, прычым больш за трэцюю частку іх складала канфесійна-клерыкальная літаратура.

Выдаваліся арыгінальныя і перакладныя творы антычных класікаў навукі і літаратуры Цэзара, Цыцэрона, Тыбула, Вергілія, працы па філасофіі, мастацкія творы польскай літаратуры. На рускай мове ў Полацку выйшла толькі адна кніга-хрэстаматыя «Краткие выписки, собранные из некоторых писателей в пользу обучающегося юношества российскому языку» (1816).

Полацкая езуіцкая друкарня была заснавана ў адпаведнасці з прывілеем Кацярыны ІІ (1787). Першым кіраўніком друкарні быў астраном А. Лянкевіч. Шрыфты друкарня набывала не толькі ў Маскве, Пецярбургу, Варшаве, але і ў Францыі. Усяго вядомы 82 полацкія выданні. Друкарня выдавала падручнікі і рэлігійную літаратуру на польскай, лацінскай, рускай, французскай, нямецкай мовах і латгальскім дыялекце латышскай мовы.

У 1818 і 1820 гг. у полацкай друкарні выходзіў «Miesiecznik Polocki» – першы часопіс на тэрыторыі Беларусі. Выданне вылучалася добрым знешнім і ўнутраным афармленнем. Усяго выдадзена 14 нумароў. Часопіс меў шэсць аддзелаў: літаратура і свабодныя навукі, маральна-філасофскі, фізіка-матэматычны, гісторыя, крытыка, літаратурныя веды.

У 1820 годзе маёмасць друкарні полацкіх езуітаў была перададзена ва ўласнасць адкрытага ў Полацку ў 1822 годзе Вышэйшага вучылішча ордэна піяраў.  За 7 гадоў выдавецкай работы піяры выпусцілі 32 кнігі. Свецкая літаратура была прадстаўлена навучальнымі праграмамі, прамовамі, граматыкай лацінскай мовы, вершаваным зборнікам польскага пісьменніка Я. Аношкі, філасофскім трактатам прафесара Віленскага ўніверсітэта. Выдавецкая дзейнасць піяраў спынілася ў 1830 годзе. У сувязі з выгнаннем іх з Полацка і закрыццём вучылішча друкарня была перададзена Кіеўскаму ўніверсітэту.

Прадстаўнікі Полацкай езуіцкай акадэміі стаялі ля вытокаў стварэння сістэмы адукацыі ЗША, калі пасля забароны яе дзейнасці 20 чалавек паехалі ў гэтую краіну. Доктар Курціус, родам з Полацка, заснаваў у Нью-Йорку першую гімназію.

Некаторыя набыткі з педагагічнага вопыту Полацкай езуіцкай акадэміі не страцілі сваёй каштоўнасці і сёння.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Арлоў, У. 1812. 10 чэрвеня. Адкрыццё Полацкай акадэміі / У. Арлоў, Г. Сагановіч // Беларуская мінуўшчына. – 1996. – № 1. – С. 16, 56.

2. Арлоў, У. Alma mater над Дзвіной / У. Арлоў // Навіны. – 1998. – 21 жн. – С. 6.

3. Арлоў, У. Полацкая акадэмія / У. Арлоў // Голас Радзімы. – 1992. – 21 чэрв. – С. 8.

4. Academia Polocensis // Таямніцы Полацкай гісторыі / У. Арлоў. – Мінск : Беларусь, 1994. – С. 334–373.

5. Главацкі, Л. Згадкі пра загубленую Прыгажосць / Л. Главацкі // Народнае слова. – 1992. – 28 лют. – С. 4.

6. Крывёнак, М. Вярнуць бы Полацку былое хараство / М. Крывёнак // Народнае слова. – 1992. – 28 лют. – С. 4.

7. Малашэня, Л. Быў Полацк навуковым цэнтрам / Л. Малашэня // Звязда. – 1992. – 1 лют. – С. 2.

8. Малашэня, Л. Ці стане Полацк зноў універсітэцкім горадам? / Л. Малашэня // Народнае слова. – 1992. – 25 лют. – С. 5.

9. Подлипский, А. Полацкая кунсткамера / А. Подлипский // Химик (Новополоцк). – 1981. – 21 апр. – С. 4.

10. Цялежнікаў, У. Культурная спадчына полацкіх езуітаў / У. Цялежнікаў // Краязнаўчая газета. – 2016. – № 30 (жн.). – С. 4 ; № 31 (жн.). – С. 4.

11. Шайкоў, В. Полацкая акадэмія / В. Шайкоў // Полацкі веснік. – 1996. – 9 жн. – С. 2, 4 ; 13 жн. – С. 3.

12. Шалькевіч, В. Ф. Полацкая езуіцкая акадэмія / В. Ф. Шалькевіч // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 12 : Палікрат–Праметэй. – С. 459.