Варапаеўская гарпасялковая бібліятэка, г. п. Варапаева. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 18.04.2017 08:40
- Адноўлена 26.02.2019 15:23
Варапаеўская гарпасялковая бібліятэка мае багатую гісторыю. Свой пачатак яна бярэ з 1946 г. Першыя кніжкі прынеслі самі чытачы. Да канца 1947 г. кніжны фонд налічваў амаль 1000 экзэмпляраў. Цяпер гэта адрэстаўрыраваны будынак, у некалькі дзясяткаў разоў вырас кніжны фонд, змяніліся формы работы.
Бібліятэка размешчана ў цэнтры гарпасёлка. Гэта зручна для чытачоў. Наведвальнікі прыходзяць не толькі, каб узяць кніжку, пачытаць перыёдыку, але і каб сустрэцца, пагутарыць паміж сабой, штосьці абмеркаваць. Моладзь у асноўным збіраецца ў клубе, а старэйшае пакаленне, асабліва пенсіянеры, бавяць вольны час ў бібліятэцы. Людзі гуртуюцца па сваіх інтарэсах. Адных аб'ядноўвае любоў да паэзіі і яны збіраюцца на пасяджэнні клуба «Брыганціна». Другія пераймаюць сакрэты рукадзелля, пляцення з саломкі.
Па выніках работы за 1997 г. гарпасялковай бібліятэцы прысуджана першае месца сярод устаноў культуры раёна.
2012 г. быў аб'яўлены ў краіне Годам кнігі. Супрацоўнікі бібліятэкі знаёмілі сваіх чытачоў на працягу года з цудоўнымі выданнямі беларускіх выдавецтваў, якія былі прадстаўлены на кніжнай выставе «Кніга – духоўная скарбніца беларусаў». Прыцягвала ўвагу кніжная выстава «Песняры роднага краю», прысвечаная беларускім класікам Янку Купалу і Якубу Коласу. Жыхары пасёлка ўдзельнічалі ў літаратурна-музычных вечарынах «З песняй аб сваёй старонцы» і «Паклон табе, песняр вялікі», прысвечаных 130-годдзю вялікіх класікаў і інш.
Адрас: Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, г. п. Варапаева, вуліца Ленінская, д. 109.
ЛІТАРАТУРА
1. Анішкевіч, А. Ёсць цікавасць да кнігі / А. Анішкевіч // Пастаўскі край. – 1998. – 12 жн. – С. 2.
2. Качан, А. Бібліятэка нас аб'ядноўвае / А. Качан // Пастаўскі край. – 2013. – 12 студз. – С. 5.
3. Міхалевіч, А. Як сэрцу выказаць сябе... / А. Міхалевіч // Пастаўскі край. – 2018. – 28 сак. – С. 5.