Школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху спецыяльная агульнаадукацыйная, ДУА. Віцебск, г.
- Подробности
- Створана 05.01.2024 08:40
- Адноўлена 05.01.2024 11:51
Сучасная назва | ДУА «Віцебская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей з парушэннем слыху» |
Былая назва | Віцебская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей са слабым слыхам і познааглухлых |
Тып | дзяржаўная ўстанова адукацыі |
Дата заснавання | 1977 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, г. Віцебск |
Сайт | https://vitnc.pervroo-vitebsk.gov.by/ |
Сучасная тэрыторыя Віцебскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннем слыху – гэта былая тэрыторыя маёнтка і фальварка Лукішкі, якія ў 1596 годзе Мікалай Сапега ўступіў жыхарам г. Віцебска. У 1918 годзе тут размяшчалася першая калонія для дзяцей чырвонаармейцаў. У 1924 годзе калонія пераўтворана ў камуну імя Крупскай, а ў 1934 годзе рэарганізавана ў дзіцячы дом № 8. У гады Вялікай Айчыннай вайны тут размяшчаўся канцлагер для афіцэраў і палітработнікаў Чырвонай Арміі. Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Віцебская спецыяльная агульнаадукацыйная школа-інтэрнат для дзяцей са слабым слыхам і познааглухлых» пачала свой шлях у далёкім 1977 годзе.
Сёння ва ўстанове адукацыі распрацоўваюць і ўкараняюць методыкі работы з дзецьмі, якія прайшлі кахлеарную імплантацыю – аперацыю, якая дазваляе часткова або цалкам вярнуць слых. У 2004 годзе ў школе-інтэрнаце былі адкрыты класы для дзяцей з парушэннем функцый апорна-рухальнага апарату (скаліёз), тады заняткі праходзілі на партах-лежаках. Такія класы працавалі да 2012 года ўключна. З верасня 2023 года тут пачалі навучацца дзеці з парушэннямі аўтыстычнага спектру.
Зараз у школе-інтэрнаце навучаюцца 92 чалавекі ва ўзросце ад 3 да 19 гадоў. Адукацыйны працэс будуецца на трох ступенях: пачатковая школа (1–5 клас), базавая (6–10 клас) і сярэдняя (11–12 клас) – з улікам індывідуальных асаблівасцяў кожнага дзіцяці. Заняткі праводзяцца ў спецыялізаваных кабінетах. У снежні 2022 года з дапамогай спонсараў былі адкрыты два новыя кабінеты інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, адноўлены спартыўны інвентар. Таксама на базе інтэрната дзейнічае рэсурсны цэнтр па метадычным забеспячэнні адукацыйнага працэсу, развіцці творчых здольнасцяў і сацыяльнай адаптацыі дзяцей з парушэннямі слыху.
У школе-інтэрнаце выпускнікі акрамя пасведчання атрымліваюць рабочыя спецыяльнасці. Так, у рамках прадмета «Працоўнае навучанне» хлопцы і дзяўчаты 11–12 класаў могуць за два гады асвоіць спецыяльнасці сталяра і швачкі. Дзякуючы моцнай тэхнічнай базе, якая створана ў швейнай майстэрні, такую прафесію тут асвойваюць і вучні з іншых устаноў адукацыі горада. Ёсць у інтэрнаце і кулінарная майстэрня, каб выхаванцы вучыліся абслугоўваць сябе ў побыце, і ўтульная гасцёўня, дзе адной вялікай сям'ёй сустракаюць святы і дні нараджэння.
Школа-інтэрнат цесна супрацоўнічае з факультэтам фізічнай рэабілітацыі ВДМУ, кафедрай псіхалогіі ВДУ імя П. М. Машэрава, віцебскай абласной арганізацыяй ГА «Беларускае таварыства глухіх», УП «Галант» г. Віцебска, УП «Нітка» г. Оршы. Віцебская спецыяльная школа-інтэрнат – партнёр сумеснага праекта «Здорава жывеш!» Міжнароднага форуму здаровага ладу жыцця Рэспубліканскай ўніверсальнай выстаўкі-кірмашу «Здорава жывеш» (г. Орша). На базе школы працуюць 4 аб'яднанні па інтарэсах: «Танцавальны гурток», «Цуд-папера», «Карусель», «Рукі, якія спяваюць». Яркімі творчымі праектамі з'яўляюцца штогадовае раённае свята «Фарбы дзяцінства», прымеркаванае да Міжнароднага дня абароны дзяцей, і «У свеце маўклівых», прымеркаванае да Дня інвалідаў. Вялікая ўвага надаецца аздараўленню: выхаванцы адпачываюць у Рэспубліканскім дзіцячым аздараўленчым лагеры «Зубраня»; на базе школы-інтэрната летам працуе профільны ваенна-патрыятычны аздараўленчы лагер «Летні экспрэс»; дзеці адпачываюць у дзіцячым аздараўленчым лагеры «Вясёлка» Лёзненскага раёна.
Адрас: Віцебская вобласць, горад Віцебск, вуліца Шмырова, 42а.
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
ЛІТАРАТУРА
1. Бегунова, Е. Пробиться в мир тишины / Е. Бегунова // Рэспубліка. – 2015. – 6 ліст. – С. 8.
2. Гвоздзева, А. Там, дзе чуюць без слоў / А. Гвоздзева // Звязда. – 2023. – 2 снеж. – С. 1, 4.
3. Любочка, С. И пусть цветет сад Победы / С. Любочка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 16 апр. – С. 1, 3.
4. Любочка, С. Праздник точно удался! / С. Любочка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2023. – 1 июня. – С. V. – (Прил.: «Вечерний Витебск»).
5. Пастернак, Т. С. Умное зеркало, радиокласс и сладости под елку / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2022. – 27 дек. – С. 3.
6. Пушнякова, А. Видеть звуки мира и творить : на днях 40-летие отметила Витебская школа-интернат для детей с нарушением слуха / А. Пушнякова // Витебские вести. – 2017. – 5 окт. – С. 1.
7. Усова, М. Жесты вместо слов, или Слабый слух не мешает познавать и создавать прекрасное... / М. Усова // Віцебскі рабочы. – 2011. – 8 февр. – С. 5.
8. Черниченко, Н. Когда зажигаются елки желаний / Н. Черниченко, Н. Крупица, Н. Дроздова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2022. – 24 дек. – С. 4–5.
9. Яковлева, С. Детства мирная страна / С. Яковлева // Витебские вести. – 2023. – 2 июня. – С. 13.