Цэнтр дзяцей і моладзі, ДУДА. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 24.06.2019 08:40
- Адноўлена 30.03.2020 10:41
Сучасная назва | Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі |
Тып | дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі |
Дата заснавання | 1922 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк |
Сайт | http://www.polotskcdm.vitebsk.by |
Гісторыя Полацкага раённага цэнтра дзяцей і моладзі пачалася ў далёкім 1922 годзе, калі ў г. Полацку былі створаны першыя піянерскія атрады.
Да 1926 года на Полаччыне налічвалася больш за 4000 піянераў. Кожны год у жыцці полацкіх піянераў 20–30-х гадоў быў поўны яркіх падзей і перамог.
Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў адзін строй разам з дарослымі на абарону Радзімы ўсталі піянеры і камсамольцы. Дзясяткі юных патрыётаў Полаччыны не шкадавалі жыцця ў імя Радзімы, у імя светлай будучыні.
З 1951 па 1954 гг. у Полацку дзейнічаў абласны Дом піянераў, які выконваў метадычную функцыю.
22 лютага 1950 года адкрылася першая пазашкольная ўстанова горада Полацка – станцыя юных натуралістаў. Быў зацверджаны зямельны ўчастак памерам 2 га, які размяшчаўся на левым беразе ракі Заходняя Дзвіна. Першым дырэктарам, які ўзначаліў станцыю юных натуралістаў, быў Міхась Іванавіч Казлоў. 6 снежня 1954 года быў адкрыты Дом піянераў і школьнікаў. Узначаліў яго Анатоль Аляксеевіч Круцько. Першымі былі адкрыты гурткі мастацкай гімнастыкі, мастацкай вышыўкі, фотагурток, суднамадэльны і шахматны гурткі, лялечны тэатр.
1 жніўня 1966 года была заснавана станцыя юных тэхнікаў. Першым дырэктарам стаў Уладзімір Яфімавіч Партон, педагог, настаўнік фізікі. На станцыі працавалі гурткі радыстаў-аператараў, аўтаматыкі і тэлемеханікі, юных радыёаматараў, аўтамадэльны гурток.
24 верасня 1975 года ў Полацку была адкрыта станцыя юных турыстаў, якую ўзначаліў Мікалай Васільевіч Семянько.
6 ліпеня 1992 года гарадскі Дом піянераў быў перайменаваны ў Дом дзіцячай творчасці. Адкрыліся новыя гурткі мастацкай і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці, арганізавана праца з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі. 1 верасня 1992 года раённыя пазашкольныя ўстановы – Дом піянераў і школьнікаў, дзіцяча-юнацкая спартыўная школа і турыстычная база – рэарганізаваны ў Дзяржаўнае аб'яднанне па арганізацыі пазашкольнай работы з дзецьмі і падлеткамі Полацкага раёна. Дырэктарам зноў створанай ўстановы пазашкольнага выхавання стала Валянціна Пятроўна Ганебная. У яго структуру ўвайшлі цэнтр эстэтычнай работы, цэнтр турыстычнай работы, цэнтр спартыўнай работы.
У 1995 годзе было створана Дзяржаўнае аб'яднанне па арганізацыі пазашкольнай працы з дзецьмі і падлеткамі г. Полацка, у склад якога ўвайшлі цэнтр турызму і краязнаўства, экалагічны, тэхнічны і эстэтычны цэнтры. Першым дырэктарам была прызначана Таісія Іосіфаўна Багушэвіч.
У гэты ж час было створана новае падраздзяленне – інфармацыйна-метадычны цэнтр, функцыяй якога стала навукова-метадычнае суправаджэнне выхаваўчага працэсу ў горадзе Полацку. За час існавання цэнтра распрацаваны шэраг выхаваўчых праграм і праектаў, у іх ліку комплексна-мэтавая праграма «Мы – палачане».
1 лістапада 2004 года быў створаны аддзел па працы з дзецьмі і падлеткамі па месцы жыхарства. Новы аддзел аб'яднаў чатыры падлеткавыя клубы ў розных мікрараёнах горада Полацка.
У верасні 2013 года ў сувязі са зліццём адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак – г. Полацка і Полацкага раёна – адбылася рэарганізацыя ў форме зліцця ДУДА «Цэнтр дзяцей і моладзі г. Полацка» і ДУДА «Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі» ў Дзяржаўную ўстанову дадатковай адукацыі «Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі».
Новая ўстанова дадатковай адукацыі стала годным пераемнікам і прадаўжальнікам лепшых традыцый сістэмы адукацыі Полаччыны. Тут паспяхова, з высокім вынікам, у духу часу працуюць прафесійны калектыў педагогаў-аднадумцаў і таленавіты калектыў навучэнцаў.
Сёння Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі – адкрытая адукацыйная сістэма, якая пастаянна пашырае кола сацыяльных партнёраў і вядзе актыўны сацыяльны дыялог. Педагагічны калектыў Цэнтра максімальна выкарыстоўвае ў сваёй працы магутны патэнцыял рэгіёну, садзейнічае з усімі сацыяльнымі інстытутамі.
Больш за 10 гадоў рэалізуецца мэтавая праграма Цэнтра «Сям'я і педагогі – саюзнікі і партнёры». Створаны і плённа працуюць сямейныя клубы: «Захапленне», «Задоринка», «Каравай» і «Сіняя птушка» ў аддзелах і падлеткавых клубах па месцы жыхарства, сямейная экалагічная гасцёўня «Медуніца». Пасяджэнні клубаў ствараюць умовы для беражлівых адносін падлеткаў да сямейных традыцый і каштоўнасцей, прадастаўляюць магчымасць цікава і крэатыўна арганізаваць сямейны вольны час.
Дырэктарам ДУДА «Полацкі раённы цэнтр дзяцей і моладзі» з'яўляецца Страленка Ірына Мікалаеўна.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца Скарыны, д. 8.
ЛІТАРАТУРА
1. Волчек, И. П. Развитие системы гражданско-патриотического воспитания школьников в контексте реализации городской комплексно-целевой программы «Мы – полочане» / И. П. Волчек // Выхаванне і дадатковая адукацыя. – 2012. – № 4. – С. 25–29.
2. Малашеня, Л. В «Чайку» – круглый год / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2018. – 13 янв. – С. 5.
3. Приглашаем в мир творчества и фантазии / подг. Н. Шалуткевич // Полацкі веснік. – 2017. – 25 жн. – С. 16–17.
4. Стреленко, И. Н. Завершая год: дополнительное образование / И. Н. Стреленко ; беседовала Т. Филимонова // Полацкі веснік. – 2018. – 21 снеж. – С. 7.
5. Шуйская, О. На серебряных крыльях / О. Шуйская // Полацкі веснік. – 2016. – 1 лістап. – С. 5.