Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Каледж Пастаўскі дзяржаўны, УА. Пастаўскі раён, г. Паставы

 

Сучасная назва УА «Пастаўскі дзяржаўны каледж»
Былая назва Пастаўскае рамеснае вучылішча па механізацыі сельскай гаспадаркі № 2 (1955)
Пастаўскае сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 2 (1962)
Пастаўскае сярэдняе сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 2 (1979)
Сярэдняе прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 165 (1984)
Прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 165 сельскагаспадарчай вытворчасці (1989)
Пастаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны ліцэй (2000)
Пастаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці (2003)

Тып

установа адукацыі
Дата заснавання 1955
Месца знаходжання Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, г. Паставы
Сайт http://gptk.by/

 

Гісторыя ўтварэння Пастаўскага дзяржаўнага каледжа пачынаецца з 1955 г. У краіне пачалі падымаць сельскую гаспадарку, асвойваць цалінныя землі і для выканання гэтых найважнейшых дзяржаўных задач патрабаваліся кваліфікаваныя кадры: трактарысты, камбайнёры, шафёры.

Згодна з загадам Галоўнага ўпраўлення працоўных рэзерваў ад 3 жніўня 1955 г. № 231, 19 жніўня № 256 і ад 26 лютага 1955 г. № 65 і загадам Беларускага Рэспубліканскага ўпраўлення працоўных рэзерваў ад 2 верасня 1955 г. № 109 ажыццявіць прыём навучэнцаў з 1 кастрычніка 1955 г. у рамеснае вучылішча. Такім чынам, у Паставах у кастрычніку 1955 г. было адкрыта Рамеснае вучылішча па механізацыі сельскай гаспадаркі № 2.

Першым дырэктарам вучылішча быў прызначаны Камісараў Н. М. Першы прыём навучэнцаў для падрыхтоўкі трактарыстаў з шасцімесячным тэрмінам навучання склаў 150 чалавек. Было створана пяць груп па 30 чалавек у кожнай.

У вучылішча былі залічаны навучэнцы з 12 раёнаў Беларусі: Пастаўскі, Дзісненскі, Валожынскі, Шаркаўшчынскі, Радашковіцкі, Мядзельскі, Шклоўскі, Глыбоцкі, Смаргонскі, Пліскі, Докшыцкі, Міёрскі.

Нацыянальны склад навучэнцаў: беларусаў – 142, рускіх – 7, украінцаў – 1.

Першы выпуск вучылішча адбыўся 28 сакавіка 1956 г. Навучэнцы атрымалі прафесію трактарыст і слесар 3-га разраду. 85 чалавек былі накіраваны на працу ў Паўладарскае абласное ўпраўленне сельскай гаспадаркі, Акмалінскую вобласць Казахскай ССР. Астатнія былі размеркаваны ў Пастаўскую МТС, Маладзечанскае абласное ўпраўленне сельскай гаспадаркі.

Другі прыём навучэнцаў у вучылішча адбыўся 12 сакавіка 1956 г., згодна загаду начальніка Беларускага Рэспубліканскага ўпраўлення працоўных рэзерваў ад 24 снежня 1955 г. № 159 па прафесіі трактарыст-машыніст шырокага профілю і слесар 3-га разраду тэрмінам навучання 1 год.

Залічана ў вучылішча 210 чалавек, з іх 8 дзяўчат. Пасля заканчэння вучылішча яны былі накіраваны на працу ў Казахскую ССР.

Другі выпуск вучылішча адбыўся 6 лютага 1957 г.

Нягледзячы на тое, што з дня ўтварэння рамеснага вучылішча МСХ № 2 было падрыхтавана больш за 360 спецыялістаў сельскай гаспадаркі, іх катастрафічна не хапала ў сваіх раёнах. Таму 1 кастрычніка 1957 г. было залічана 30 чалавек для падрыхтоўкі па прафесіі трактарыст-машыніст і слесар 3-га разраду тэрмінам навучання 6 месяцаў (выпуск 29.03.1958 г.). Усе навучэнцы пасля заканчэння былі накіраваны па вобласці: Лынтупская МТС – 3 чалавекі, Навадруцкая МТС – 7 чалавек, Дунілавіцкая МТС – 6 чалавек, Мядзельская МТС – 3 чалавекі.

З 1 лістапада 1959 г. згодна загаду № 1 ад 22 красавіка 1959 г. сталі навучаць прафесіі шафёра, рыхтавалі кадры для ваенкаматаў. У 1960 г. у вучылішчы навучалі двум прафесіям трактарыст-машыніст шырокага профілю – 215 чалавек і шафёр 3-га класа – 60 чалавек. Па заканчэнні вучылішча навучэнцы былі размеркаваны на працу ў Віцебскую вобласць і 118 чалавек у Паўладарскую вобласць Казахскай ССР. 15 навучэнцаў гэтага выпуску скончылі вучылішча з пахвальнай граматай. Узброеныя сілы атрымалі 60 шафёраў 3-га класа.

У 1962 г. Рамеснае вучылішча па МСХ № 2 перайменавана ў Сельскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 2.

Больш за 40 выпускнікоў тых гадоў за добрасумленную працу мелі высокія ўрадавыя ўзнагароды. Тэрмін навучання быў 2 гады, і жадаючыя атрымаць сярэднюю адукацыю наведвалі вячэрнія школы.

З 1963 года дырэктарам вучылішча быў Жаўрыд Эдуард Сцяпанавіч. На гэтай пасадзе працаваў да 1984 г.

Пад яго кіраўніцтвам калектыў змог падрыхтаваць звыш 10 тыс. спецыялістаў для калгасаў і саўгасаў.

Працавала і рамонтна-будаўнічая група. Сіламі навучэнцаў быў пабудаваны клуб на 350 месцаў, вытворчыя класы і лабараторыі. У 1979 г. быў здадзены ў эксплуатацыю інтэрнат на 395 месцаў, і навучэнцы з вёсак сталі пражываць у ім. З 1979 г. вучылішча стала сярэднім, з трохгадовым тэрмінам навучання. Вядучай прафесіяй стала прафесія трактарыста-машыніста шырокага профілю і вадзіцеля катэгорыі «С».

З 1984 г. да 1998 г. педагагічны калектыў узначальваў дырэктар Дзеравянка Аляксандр Аляксандравіч.

У перыяд з 1989 па 1998 гг. ПТВ-165 падрыхтавала і выпусціла 2036 спецыялістаў па такіх прафесіях:

– трактарыст-машыніст;

– слесар-рамонтнік;

– электраманцёр па абслугоўванні і рамонту электраабсталявання ў сельскагаспадарчай вытворчасці;

– вадзіцель аўтамабіля;

– электразваршчык;

– кухар;

– швачка;

– кравец;

– аператар машыннага даення;

– лабарант ХБА;

– бухгалтар;

– прадавец.

З 1998 года ў вучылішчы распачата падрыхтоўка спецыялістаў для сельскай гаспадаркі па сістэме бесперапыннага навучання ПТВ – БАТУ.

З 1998 г. дырэктарам ПТВ-165 стаў Курто Пётр Леанідавіч.

Пад кіраўніцтвам Пятра Леанідавіча ПТВ-165 у 2000 г. было перайменавана ў Пастаўскі дзяржаўны ліцэй, а ў 2003 г. ліцэй быў рэарганізаваны ва УА «Пастаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці».

З 2005 г. дырэктарам УА «Пастаўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж сельскагаспадарчай вытворчасці» з'яўляўся Лысянок Мікалай Мікалаевіч.

У 2015 г. перайменавана ва УА «Пастаўскі дзяржаўны каледж».

З 2017 г. дырэктарам УА «Пастаўскі дзяржаўны каледж» з'яўляецца Герасіменка Сяргей Мікалаевіч.

Колькасць навучэнцаў на 1 верасня 2018 г. складала 445 чалавек.

Каледж ажыццяўляе падрыхтоўку па наступных спецыяльнасцях:

1. Узровень ССА:

– машыны і абсталяванне дрэваапрацоўчай прамысловасці;

– тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (па напрамках);

– грамадскае харчаванне;

– аўтасэрвіс;

– бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль.

2. Узровень ПТА:

– тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ;

– эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў;

– тэхналогія зварачных работ;

– тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання;

– грамадскае харчаванне;

– гандлёвая справа;

– вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі;

– сацыяльная праца.

3 кастрычніка 2014 г. быў адкрыты музейны пакой «Гісторыя і сучаснасць», якая знаходзіцца ў будынку інтэрната.

Ва УА «Пастаўскі дзяржаўны каледж» ёсць свой узорны духавы аркестр.

У каледжы вялікая ўвага надаецца занятасці навучэнцаў у пазаўрочны час. Працуюць гурткі «Наша спадчына», «Саламяныя фантазіі», «Вакальныя спевы», інфармацыйны цэнтр, выдаецца часопіс – «Каледж – гэта мы».

Адрас: Віцебская вобласць, Пастаўскі раён, г. Паставы, вуліца 17 верасня, д. 90.

 

УА «Пастаўскі дзяржаўны каледж». Фотаздымак з сайта http://www.postawy.by/

ЛІТАРАТУРА

1. Александровіч, К. Запатрабаваны жыццём / К. Александровіч // Вольнае Глыбокае. – 2015. – 12 ліст. – С. 2.

2. Анішкевіч, А. Вучаць запатрабаваным прафесіям / А. Анішкевіч // Пастаўскі край. – 2017. – 9 верас. – С. 2.

3. Курто, П. Л. За зменай назвы – змена асаблівасцяў работы / П. Л. Курто ; гутарыла А. Шапавалава // Пастаўскі край. – 2003. – 23 жн. – С. 2.

4. Курыловіч, П. Стратэгію развіцця дыктуе рынак працы / П. Курыловіч // Пастаўскі край. – 2010. – 16 кастр. – С. 5.

5. Курыловіч, П. У пошуку новага, перадавога, прагрэсіўнага / П. Курыловіч // Пастаўскi край. – 2005. – 12 лістап. – С. 2.

6. Лысёнак, М. Даказала сваю жыццядзейнасць / М. Лысёнак // Пастаўскi край. – 2005. – 2 лістап. – С. 3–4.

7. Пашкевіч, Т. З улікам попыту на новыя прафесіі / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2015. – 8 дек. – С. 6.

8. Пашкевіч, Т. Зрэагавалі на попыт / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2017. – 28 янв. – С. 3.

9. Пашкевіч, Т. У навуковым пошуку / Т. Пашкевіч // Витебские вести. – 2017. – 21 янв. – С. 6.

10. Прафтэхкаледжу – 60 гадоў / падрыхт. П. Курыловіч // Пастаўскі край. – 2015. – 21 кастр. – С. 1, 4–5.

11. Умацоўваючы імідж / падрыхт. Н. Калядзіч // Настаўніцкая газета. – 2012. – 9 жн. – С. 2.

12. Філіпенкаў, В. Д. Пастаўскаму дзяржаўнаму прафесійна-тэхнічнаму каледжу сельскагаспадарчай вытворчасці – 55 / В. Д. Філіпенкаў ; гутарыла Ю. Шарабайка // Вольнае Глыбокае. – 2010. – 7 кастр. – С. 11.

13. Шапавалава, А. На трох кітах / А. Шапавалава // Пастаўскi край. – 2008. – 2 лют. – С. 1, 3.

14. Шапавалава, А. Школа музыкі, старт у прафесію / А. Шапавалава // Пастаўскі край. – 2018. – 14 крас. – С. 5.

15. Шилько, Н. Это всё о нём... / Н. Шилько // Пастаўскі край. – 2015. – 22 крас. – С. 4.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Поставский государственный колледж