Каледж медыцынскі імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка, УА. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 25.06.2019 08:40
- Адноўлена 25.06.2019 14:21
Сучасная назва | УА «Полацкі дзяржаўны медыцынскі каледж імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка» |
Былая назва | Полацкі дзяржаўны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка (2006) |
Полацкае медыцынскае вучылішча імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка (1987) | |
Полацкае медыцынскае вучылішча (1955) | |
Полацкая школа медыцынскіх сясцёр (1937) | |
Тып | установа адукацыі |
Дата заснавання | 1937 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк |
Сайт | http://psec.by/ |
У 1937 годзе па рашэнні Савета Народных Камісараў БССР на базе курсаў таварыства Чырвонага Крыжа ў г. Полацк была заснавана школа медыцынскіх сясцёр. У 1939 годзе адбыўся першы выпуск медыцынскіх работнікаў.
З абвяшчэннем вайны выпускнікі Полацкай школы медсясцёр адразу ўступілі ў барацьбу з ворагам. Яны аказвалі першую дапамогу параненым на поле бою, выходжвалі савецкіх салдат у шпіталях і санітарных цягніках. Многія даваенныя выпускнікі звязалі свой лёс з ваенным шпіталем вайсковай часці 29218 і прайшлі з ім праз усю вайну. 1 верасня 1945 года Полацкая школа медсясцёр аднавіла сваю працу. Да 1956 года яна не мела свайго будынка. Займацца даводзілася ў цяжкіх умовах: не хапала падручнікаў, дапаможнікаў, сшыткаў.
У 1955 годзе школа медсясцёр была ператворана ў медыцынскае вучылішча. Вучылішча працавала над пашырэннем матэрыяльнай базы. Ствараліся лабараторыі і кабінеты, якія абсталёўваліся сучаснымі тэхнічнымі сродкамі навучання, медыцынскім абсталяваннем. Практычнай базай навучання з'яўляліся ўстановы аховы здароўя г. Полацка і Наваполацка, цэнтральныя раённыя бальніцы Віцебскай вобласці. Былі адкрыты сестрынскае, акушэрскае і фельчарскае аддзяленні. З 1958 года працавала зубалячэбнае аддзяленне.
У 1964–1968 гг. працавалі філіялы вучылішча ў Паставах і Глыбокім. З 1979 года ў вучылішчы пачалі функцыянаваць курсы павышэння кваліфікацыі сярэдніх медыцынскіх работнікаў, штогод праходзілі падрыхтоўку на курсах павышэння кваліфікацыі сярэдняга медперсаналу каля 500 чалавек.
Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР № 195 ад 3 чэрвеня 1987 года Полацкаму медыцынскаму вучылішчу было прысвоена імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Міхайлаўны Тусналобавай-Марчанка.
З 2006 па 2011 год установа існавала як «Полацкі дзяржаўны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў з сярэдняй спецыяльнай медыцынскай адукацыяй імя Героя Савецкага Саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка». А з верасня 2011 года ўстанова зноў атрымала статус каледжа, у якім вывучаюць асновы медыцынскіх ведаў навучэнцы і павышаюць кваліфікацыю медработнікі сярэдняга звяна.
І сёння педагагічны калектыў медыцынскага каледжа з'яўляецца высокапрафесійным, творчым, згуртаваным, нацэленым на выкананне асноўнай задачы ўстановы – рыхтаваць для медыцынскіх устаноў рэспублікі канкурэнтназдольных спецыялістаў з сярэдняй медыцынскай адукацыяй.
Адрас: Віцебская вобласць, Полацкі раён, г. Полацк, вуліца Ніжне-Пакроўская, д. 49.
ЛІТАРАТУРА
1. Банщикова, О. Полоцкий медколледж: история и судьбы / О. Банщикова // Новополоцк сегодня. – 2017. – 14 июля. – С. 3.
2. Ефременко, Т. Медицинский колледж [города Полоцка]: продолжая традиции / Т. Ефременко ; беседовала Е. Каленик // Полацкі веснік. – 2011. – 25 лістап. – С. 4.
3. Кочетова, О. Возрождение альма-матер / О. Кочетова // Полацкі веснік. – 2011. – 27 верас. – С. 6.
4. Малашеня, Л. Быть ли медучилищу в Полоцке? / Л. Малашеня // Народнае слова. – 2003. – 25 сак. – С. 2.
5. Малашеня, Л. Медсестры в области востребованы / Л. Малашеня // Витебские вести. – 2013. – 20 июля. – С. 4.
6. Малашеня, Л. Медучилищу в Полоцке – быть / Л. Малашеня // Народнае слова. – 2003. – 5 ліп. – С. 2.
7. Прокопенко, А. И все здесь снова повторится / А. Прокопенко // Медицинский вестник. – 1999. – 4 нояб. – С. 4.
8. Страбкова, Н. Сучасныя спецыялісты найстаражытнейшай прафесіі / Н. Страбкова // Чырвоная змена. – 2001. – 6 лістап. – С. 3, 5.