Універсітэт Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі, УА. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 10.03.2021 08:40
- Адноўлена 10.03.2021 14:19
Сучасная назва | УА «Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт» (1998) |
Былая назва | Віцебскі медыцынскі інстытут (1938) |
Бальніца-медвну (1934) | |
Тып | установа адукацыі |
Дата заснавання | 1934 |
Месца знаходжання | г. Віцебск |
Афіцыйны сайт | https://www.vsmu.by |
Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут быў адкрыты 1 лістапада 1934 года як бальніца-медвну. Першым дырэктарам інстытута быў прызначаны доктар медыцынскіх навук, прафесар Маісей Анісімавіч Хазанаў.
У 1938 годзе бальніца-медвну была перайменавана ў Віцебскі дзяржаўны медыцынскі інстытут.
Вялікая Айчынная вайна на доўгія гады замарудзіла развіццё вышэйшай навучальнай установы. У пачатку вайны інстытут быў эвакуіраваны ў Чалябінск, потым у Яраслаўль. І толькі ў 1946 годзе інстытут вярнуўся на родную Віцебшчыну. З 1946 па 1950 гг. вышэйшую навучальную ўстанову ўзначальваў Анісім Іванавіч Саўчанка, намеснік Міністра аховы здароўя БССР. У 1951 годзе інстытут узначаліў выпускнік 1-га Маскоўскага медыцынскага інстытута, прафесар Ян Іларыёнавіч Багдановіч.
У 1959 годзе быў адкрыты фармацэўтычны факультэт, пазней – аддзяленне завочнага навучання і ўдасканалення правізараў. У 1960 годзе адкрылася аспірантура. З 1981 года ажыццяўляецца навучанне замежных студэнтаў.
З 1961 года інстытут узначаліла прафесар Мядзведзева Глафіра Антонаўна. З 1979 па 1996 гг. рэктар – Сачак Міхаіл Рыгоравіч, прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР.
У 1984 годзе за вялікія заслугі ў падрыхтоўцы кадраў для сістэмы аховы здароўя замежных краін універсітэт узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў.
З 1997 па 2005 гг. вышэйшую навучальную ўстанову ўзначальваў Косінец Аляксандр Мікалаевіч. За гэты перыяд ва ўніверсітэце адкрываюцца новыя факультэты. У 1998 годзе інстытут быў паспяхова атэставаны і акрэдытаваны на статус вышэйшай навучальнай установы ўніверсітэцкага тыпу і пераўтвораны ва УА «Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў медыцынскі ўніверсітэт». На факультэтах арганізуюцца новыя кафедры і курсы павышэння кваліфікацыі спецыялістаў. Распрацавана і ўкаранёна сістэма кантролю якасці ведаў. Створана электронная бібліятэка, камп'ютарныя класы. 3 сакавіка 2003 года загадам Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь была створана Клініка ВДМУ.
З 2005 года ўніверсітэт узначальваў Дзяйкала Валерый Пятровіч. З 2010 года ва ўніверсітэце праводзіцца навучанне на другой ступені вышэйшай адукацыі (магістратуры). Вучоныя ступені прызнаныя на міжнародным узроўні.
У 2009 годзе ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за асаблівыя заслугі ў сацыяльна-культурнай сферы, вялікі ўклад у развіццё сістэмы аховы здароўя, забеспячэнне яе ўрачэбнымі, правізарскімі і навуковымі кадрамі ўніверсітэту быў уручаны Ганаровы дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь.
У 2014 годзе калектыў установы адукацыі занесены на абласную Дошку Гонару сярод лепшых арганізацый навукі і адукацыі (2009, 2012).
Універсітэт з'яўляецца членам Еўразійскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, Сусветнай асацыяцыі медыцынскай адукацыі, Еўрапейскай асацыяцыі фармацэўтычных факультэтаў, асацыяцыі медыцынскай адукацыі Еўропы.
З сакавіка 2015 года рэктар універсітэта – Шчасны Анатоль Тадэвушавіч.
Універсітэт з'яўляецца адной з буйных вышэйшых устаноў адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь. На сённяшні дзень у ім навучаецца больш за 7000 студэнтаў. Больш за 500 студэнтаў з 30 краін свету навучаюцца на факультэце падрыхтоўкі замежных грамадзян. Пры ўніверсітэце дзейнічае клуб інтэрнацыянальнага сяброўства. Універсітэт вядзе падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.
У структуру ВНУ уваходзяць 8 факультэтаў, 64 кафедры, навукова-даследчая лабараторыя, навукова-даследчы аддзел, інфармацыйны цэнтр, бібліятэка, рэдакцыйна-выдавецкі паліграфічны цэнтр. Універсітэт мае музей гісторыі, батанічны сад, віварый для ўтрымання лабараторных жывёл, вучэбна-вытворчую аптэку.
Міжнароднае супрацоўніцтва з'яўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, якое спрыяе падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, распрацоўцы прыярытэтных напрамкаў медыцынскай навукі, аказанню высокакваліфікаванай медыцынскай дапамогі. У рамках розных форм міжнароднага супрацоўніцтва навукоўцамі і прафесарска-выкладчыцкім складам ўніверсітэта штогод выконваецца значны аб'ём навуковых даследаванняў па самых розных напрамках медыцыны. Актыўна наладжана міжнароднае супрацоўніцтва з замежнымі ВНУ. Навукоўцы ўніверсітэта вядуць распрацоўку новых спосабаў дыягностыкі, лячэння, рэабілітацыі і прафілактыкі захворванняў, новых лекавых формаў. Навуковыя даследаванні ў ВДМУ праводзяцца па 10 асноўных напрамках. Вялікае значэнне навучальнай установай надаецца праграмам абмену студэнтамі з замежнымі ВНУ-партнёрамі і камандзіраванню студэнтаў за мяжу для далейшага навучання і стажыроўкі па розных каналах міжнародных сувязяў. Пры ўніверсітэце створаны і працуюць: клініка ВДМУ, клініка стаматалагічнага факультэта, 2 аптэкі, кантрольна-аналітычная лабараторыя. Універсітэт аказвае шырокі спектр платных медыцынскіх паслуг. Установай адукацыі сумесна з кіраўніцтвам аховы здароўя Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта рэалізуецца «Канцэпцыя ўмацавання здароўя насельніцтва Віцебскай вобласці».
Сярод перыядычных выданняў універсітэта 4 навукова-практычныя часопісы: «Вестник ВГМУ», «Новости хирургии», «Вестник фармации», «Охрана материнства и детства» і шматтыражная газета «Медвузовец».
Рэктар – Шчасны Анатоль Тадэвушавіч.
Адрас: Віцебская вобласць, г. Віцебск, праспект Фрунзэ, 27.
ЛІТАРАТУРА
1. Алексеева, Е. ВГМУ: опыт плюс инновации / Е. Алексеева // Советская Белоруссия. – 2014. – 1 нояб. – С. 10.
2. Витебский государственный медицинский институт / редкол.: М. Г. Сачек [и др.]. – Минск : Полымя, 1985. – 27 с.
3. Витебский государственный медицинский университет (1934–2004) = Vitebsk state medical university / под ред. А. Н. Косинца. – Витебск : ВГМУ, 2004. – 547 с.
4. Витебский государственный медицинский университет: 80 лет, 1934–2014 / сост.: О. А. Сыродоева [и др.] ; редкол.: В. П. Дейкало [и др.]. – Витебск : Витебская областная типография, 2004. – С. 36–77.
5. Витебскому государственному ордена Дружбы народов медицинскому университету 65 лет / под ред. А. Н. Косинца. – Витебск : ВГМУ, 1999. – 160 с.
6. Дейкало, В. П. Витебский государственный медицинский университет / В. П. Дейкало // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 1. – С. 203–204.
7. Итоги работы ВГМУ за 2019 год и задачи на 2020 год // Вестник Витебского государственного медицинского университета. – 2020. – Т. 19, № 2. – С. 105–106.
8. Медицинский институт // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ им. П. Бровки, 1988. – С. 234–235.
9. Мордачев, М. П. Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт / М. П. Мордачев // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 464–466.
10. Мурашкина, В. ВГМУ стал участником кластера / В. Мурашкина // Віцьбічы = Витьбичи. – 2020. – 14 июля. – С. 4.
11. Мурашкина, В. Научный поиск поощряется / В. Мурашкина // Віцьбічы = Витьбичи. – 2021. – 16 янв. – С. 3.
12. Образование без границ // Вестник Витебского государственного медицинского университета. – 2016. – Т. 15, № 4. – С. 129–130.
13. Плотников, Ф. В. Медико-фармацевтический кластер как инструмент развития инноваций / Ф. В. Плотников // Вестник фармации (Витебск). – 2019. – № 3. – С. 51–56.
14. Система наставничества в УО «ВГМУ» / А. Т. Щастный [и др.] // Вестник Витебского государственного медицинского университета. – 2019. – № 2. – С. 110–115.