Дом рамёстваў, ДУК. Шумілінскі раён, г. п. Шуміліна
- Подробности
- Створана 28.05.2020 12:23
- Адноўлена 28.05.2020 14:38
Сучасная назва | Шумілінскі Дом рамёстваў |
Тып | дзяржаўная ўстанова культуры |
Дата заснавання | 1993 |
Месца знаходжання | Віцебская вобласць, Шумілінскі раён, г. п. Шуміліна |
Шумілінскі раённы Дом рамёстваў быў адкрыты ў 1993 годзе ў г. п. Шуміліна. Спачатку ён не меў уласнага памяшкання. Размяшчаўся ў будаўнічым вагончыку, дзе было ўсяго два кабінеты: у адным займаліся саломапляценнем і лозапляценнем У. П. Каласкоў і В. Ф. Малашонак, у другім – ткацтвам В. В. Загвоздава. Першым дырэктарам была Ганна Валянцінаўна Аленіч.
З часам Дому рамёстваў было аддадзена падвальнае памяшканне ў прыбудове да Дома Саветаў. Пачаў дзейнічаць гурток па вышыўцы. Былі набыты станкі для ткацкай справы.
Праз нейкі час Дом рамёстваў пераехаў у будынак па вуліцы Валадарскага, а ў 1999 годзе – у двухпавярховы будынак былой канторы прадпрыемства «Дабееўскі мох», дзе і знаходзіцца па сённяшні дзень. Агульная плошча – 143,7 м2. Дырэктарам стала Ірына Леанідаўна Каралёва.
Мае два філіялы – у в. Мішневічы (адкрыты ў 2010 годзе) і ў в. Мікіціха.
Асноўныя напрамкі дзейнасці – адраджэнне і развіццё ўнікальных рэгіянальных традыцый з прыцягненнем шырокага кола насельніцтва, асабліва моладзі.
Пры Доме рамёстваў працуюць 17 аматарскіх аб'яднанняў: узорны лялечны тэатр «Батлейка», народны клуб майстроў мастацкіх рамёстваў «Спадчына», народны клуб аматараў беларускай нацыянальнай кухні «Разынка» і іншыя.
Майстры Дома рамёстваў адраджаюць 14 відаў традыцыйных рамёстваў, сярод якіх: саломапляценне і аплікацыя саломкай, лозапляценне, ганчарства, вышыўка і лапікавая тэхніка, ткацтва, выраб народных строяў, выцінанка, вязанне, традыцыйны роспіс, маляванка, выраб аўтарскіх і тэатральных лялек, дэкаратыўная лепка.
На аснове даследчай дзейнасці майстрамі па вышыўцы зроблена рэканструкцыя касцюмаў Шуміліншчыны: 3 этнаграфічныя (мужчынскі, жаночы, пажылой жанчыны), дзіцячы і 2 жаночыя сцэнічныя; адноўлены касцюм старавераў (мужчынскі і жаночы). Усе строі дапоўнены паясамі, аксэсуарамі і галаўнымі ўборамі.
У 2018 годзе распрацавалі сімвалы сельскіх Саветаў і рэгіянальны касцюм Шумілінскага раёна. У гэтым жа годзе шумілінскія рэгіянальныя касцюмы трапілі на выставку-прэзентацыю Віцебскай вобласці ў культурным комплексе Пасольства Беларусі ў Расіі (Масква).
Майстры і калектывы – удзельнікі і дыпламанты розных мерапрыемстваў: Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», фестываль народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» (Паставы, 2007–2008), Усебеларускі фестываль народнага мастацтва «Беларусь – мая песня», Рэспубліканскі фестываль «Дзвіна – Двина – Даўгава» (Верхнядзвінск, 2006), конкурс «пятрушачных тэатраў» (Мінск, 2006), абласное свята нацыянальных культур «Нас з'яднала зямля Беларусі», свята працаўнікоў вёскі «Дажынкі» і інш.
За высокія творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва Шумілінскі Дом рамёстваў быў прызнаны лепшым у вобласці па выніках работы за 2014 год.
Дырэктар установы – Сяргеева Анжэла Віктараўна.
Адрас: Віцебская вобласць, Шумілінскі раён, г. п. Шуміліна, вуліца 40 год Кастрычніка, 8.
E-mail: Этот адрес электронной почты защищен от спам-ботов. У вас должен быть включен JavaScript для просмотра.
ЛІТАРАТУРА
1. Зайцава, Л. Незлічоныя народныя скарбы / Л.Зайцава // Герой працы (Шуміліна). – 2003. – 31 студз. – С. 2, 4.
2. Иванова, Т. Одержимые / Т. Иванова // Вiцебскi рабочы. – 2006. – 2 лістап. – С. 16.
3. Пятрова, А. Адраджэнне забытых рамёстваў / А. Пятрова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 19 янв. – С. 5.
4. Пятрова, А. У гэтым маёнтку жыве Рамяство / А. Пятрова // Герой працы (Шумiлiна). – 2019. – 15 студз. – С. 3.
5. Пятрова, А. Шумілінскія касцюмы пакрасаваліся ў Маскве / А. Пятрова // Герой працы (Шумiлiна). – 2018. – 26 кастр. – С. 3.
6. Стаць акцёрам лялечнага тэатра і навучыцца плесці кошыкі // Герой працы (Шумiлiна). – 2019. – 6 верас. – С. 7.
7. Сяргеева, А. Нам заморскія цуды – не дзіва, мы сваімі прывыклі здзіўляць / А. Сяргеева ; гутарыла Н. Чарнічэнка // Герой працы (Шумiлiна). – 2009. – 16 чэрв. – С. 5.
8. Чарнічэнка, Н. Дом рамёстваў. Тут не сустрэнеш выпадковых людзей / Н. Чарнічэнка // Герой працы (Шумiлiна). – 2015. – 9 кастр. – С. 4.
9. Часовитина, Н. А на 24 нита слабо? / Н. Часовитина // Сельская газета. – 2018. – 28 июня. – С. 11.
10. Шумилинский районный дом ремёсел // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 619.
СПАСЫЛКІ
ГУК «Шумилинский районный Дом ремесел». Шумилинский районный исполнительный комитет