Дзеркаўшчынская сельская бібліятэка, в. Дзеркаўшчына. Глыбоцкі раён
- Подробности
- Створана 07.10.2019 08:40
- Адноўлена 07.10.2019 08:51
Першая хата-чытальня была адкрыта ў 1953 годзе ў вёсцы Воўкаўшчына. Загадвала ёю Лупач Францішка Ігнацьеўна. Фонд налічваў 1054 экз. літаратуры. Хата-чытальня праіснавала нядоўга, бо ў 1954 годзе будынак сельскага Савета згарэў. Невялікую колькасць кніг выратавалі ад агню і перавезлі ў Дзеркаўшчыну.
У канторы калгаса в. Дзеркаўшчына быў выдзелены невялікі пакой пад клуб-бібліятэку. Нейкі час бібліятэка размяшчалася там.
Калі ў 1957 годзе ў в. Дзеркаўшчына-ІІ адкрыўся новы сельскі клуб, у ім знайшлося месца і для бібліятэкі. Лупач Ф. І. на гэтым месцы працавала да 1958 года. Акрамя работы з чытачамі, Францішка Ігнацьеўна праводзіла клубныя мерапрыемствы – канцэрты, выступленні агітбрыгады, арганізоўвала лекцыі.
Пасля бібліятэкарамі тут працавалі Віткоўская В. С., Стома В.
З 1963 па 1974 гг. Дзеркаўшчынскай бібліятэкай загадвала Папіна Ф. І. У 1969 г. у чарговы раз бібліятэка пераехала ў двухпавярховы Дом культуры. Новы будынак у цэнтры вёскі Дзеркаўшчына-ІІ, прасторнае і светлае памяшканне бібліятэкі, значнае павелічэнне кніжнага фонду і багаты выбар літаратуры паспрыялі таму, што колькасць чытачоў пастаянна павялічвалася.
З 1974 па 1982 гг.бібліятэкай загадвала Бекіш Л. І. Потым тут працавала Круглая А. А., якая
хутка і якасна перавяла бібліятэчны фонд на ББК.
З 1993 г. для ўстановы культуры настаў складаны час. Работнікі бібліятэкі мяняліся часта.
У пачатку 2000 года ў зону абслугоўвання Дзеркаўшчынскай бібліятэкі ўваходзілі 6 вёсак з агульнай колькасцю жыхароў 1251 чалавек. Фонд бібліятэкі на 1 студзеня 2000 года складаў 7 316 экз, чытачоў налічвалася 704.
У 2001 годзе пасля закрыцця Заварацкага клуба-бібліятэкі частка кніжнага фонду Заварацкай бібліятэкі была перададзена ў Дзеркаўшчынскую сельскую бібліятэку. Загадчыкам тут стала Рубніковіч Алеся Пятроўна. Яна рабіла шмат кніжных выстаў, аглядаў кніг. У 2001 г. пад кіраўніцтвам Алесі Пятроўны дзейнічаў экалагічны клуб для дзяцей «Верасок».
У 2003 годзе бібліятэка перамясцілася ў Доме культуры. У бібліятэцы ў гэты час працавала Сайкоўская З. М. Пасля яе звальнення загадчыкам Дзеркаўшчынскай бібліятэкі была назначана Бука В. В., бібліятэкарам – Вышадка Т. М.
У 2008 годзе, пасля рамонту, у бібліятэцы з'явіліся новая мэбля, камп'ютар і прынтар. Гэта дало магчымасць стварыць утульнасць у бібліятэцы і больш якасна абслугоўваць наведвальнікаў. Былі ўведзены новыя віды платных паслуг. Быў аформлены дзіцячы гульнявы пакой і дзіцячы куток на абанеменце.
З кожным годам у Дзеркаўшчынскай бібліятэцы колькасна і якасна мяняецца кніжны фонд. На 1 студзеня 2018 года ён налічваў 11 041 экз. друкаваных і электронных дакументаў. Змяняецца колькасць і чытачоў. На сённяшні дзень паслугамі бібліятэкі карыстаюцца 1 001 чалавек.
Ва ўстанове культуры праходзяць тэматычныя семінары бібліятэчных работнікаў з паказальнымі мерапрыемствамі, якія рыхтуюць супрацоўнікі Дзеркаўшчынскай бібліятэкі сумесна з работнікамі аддзела бібліятэчнага маркетынгу ЦРБ.
Асноўны накірунак работы бібліятэкі – фарміраванне здаровага ладу жыцця сярод розных слаёў насельніцтва, разуменне значнасці асабістага здароўя як каштоўнасці жыцця.
Установа працуе па мэтавай праграме «Усё пачынаецца з сям'і». Пры ёй дзейнічае дзіцячы клуб «Знайкі».
Адрас: Віцебская вобласць, Глыбоцкі раён, в. Дзеркаўшчына, вуліца Беларуская, д. 56.
ЛІТАРАТУРА
1. Славутыя мясціны Дзеркаўшчынскага краю / падрыхт.: В. Бука, Т. Вышадка // Веснік Глыбоччыны. – 2016. – 5 лістап. – С. 10.
2. Сусла, Н. Тут льецца мудрасці святло / Н. Сусла // Веснік Глыбоччыны. – 2010. – 15 верас. – С. 3.