Ніжні замак. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 02.07.2019 15:23
- Адноўлена 02.07.2019 15:38
Ніжні замак пабудаваны паводле загаду цара Івана IV Грознага пасля ўзяцця Полацка рускімі войскамі ў 1563 годзе, прымыкаў да Верхняга замка. Плошча 6 га. 3 усходу і паўднёвага захаду быў абгароджаны валам (ссылка на вал Івана IV Грознага): даўжыня каля 600 м, вышыня да 10 м, шырыня ў аснове да 30 м.
Першыя звесткі пра замак і вал сустракаюцца ў пісьмовых крыніцах 2-й палавіны XVI стагоддзя, калі пад кіраўніцтвам баярына П. І. Шуйскага ваяводы П. Зайцаў і Б. Шчокін значна ўмацавалі Полацк. У гэты час і насыпаны вал. Пры яго будаўніцтве быў скарыстаны грунт аб'ёмам каля 230 тыс. м3. Частка грунту была ўзята з месца, дзе капалася новае рэчышча ракі Палата (паміж старажытнымі полацкімі гарадзішчам і селішчам).
Паводле плана 1579 года С. Пахалавіцкага, на вале было 8 вежаў. У цэнтры замка стаяла вежа-данжон. У сярэдзіне – 2-й палавіне XVII стагоддзя вежы і сцены замка заменены «тынам стаячым».
3 канца XVI стагоддзя замак перастаў адыгрываць фартыфікацыйную ролю, у 1579 годзе войскі Стафана Баторыя штурмавалі полацкія ўмацаванні з боку Верхняга замка. У пачатку XVII стагоддзя тэрыторыя Ніжняга замка ўключана ў полацкі Вялікі пасад.
Ніжні замак, створаны па волі цара ў 1563–1564 гг., праіснаваў у якасці самастойнай крэпасці каля 100 гадоў. Гэта было абумоўлена абмежаванасцю яго фартыфікацыйных задач і яўнай супярэчлівасцю з агульнай заканамернасцю гісторыка-тапаграфічнага развіцця горада.
Будаўніцтва Ніжняга замка было задумана і здзейснена не столькі з фартыфікацыйнай мэтай, колькі з палітычнай. Апошняя заключалася ў тым, каб у цэнтры горада стварыць у выглядзе крэпасці апору для новай гарадской улады ў асобе рускага цара і яго падручных стралкоў.
Археалагічныя даследаванні Ніжняга замка праводзілі Л. Д. Побаль (1959), Г. В. Штыхаў (1962, 1964), С. В. Тарасаў (1986, 1989, 1990). У 1984 годзе на тэрыторыі замка знойдзены скарб старажытных 6 залатых рэчаў (магчыма, зробленых у Полацку). Схаваны ў 2-й палавіне X стагоддзя. Складаўся з фрагмента грыўні, сплеценай з 4 дратоў, з часткай яе замка (X ст.) і бранзалетаў: з 4-граннага дроту (IX ст.); з круглага тоўстага дроту з завязанымі канцамі (разламаны або рассечаны на 2 часткі); з круглага дроту; сплецены з 4 дротаў (магчыма, часткі грыўні, X ст.); скручаных з 2-х дротаў (X ст.).
ЛІТАРАТУРА
1. Маніс, Н. Гістарычныя помнікі Полацка / Н. Маніс // Віцебскі рабочы. – 1958. – 5 жн. – С. 2.
2. Полацкі ніжні замак // Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск : БелЭн, 2001. – Т. 12 : Палікрат–Пталемей. – С. 465.
3. Полацкі ніжні замак // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : у 6 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; маст. Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 1999. – Т. 5 : М–ПУД. – С. 537.
4. Полацкія замкі // Архітэктура Беларусі : энцыклапедычны дведнік / рэдкал.: А. А. Воінаў [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – С. 401.
5. Полоцкие замки // Города и местечки и замки Великого Княжества Литовского : энциклопедия / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – 2-е изд. – Минск : БелЭн им. П. Бровки, 2013. – С. 255.
6. Полоцкий нижний замок // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2011. – Т. 2 : Витебская область. – В 2 кн. – Кн. 2 : К–Я. – С. 336.