Паселішчы Крывіна I, Крывіна II, Крывіна III. Cенненскі раён, в. Галоўск
- Подробности
- Створана 23.09.2019 15:23
- Адноўлена 01.10.2019 09:41
Крывіна-I. За 0,8 км на паўночны захад ад в. Галоўск, на паўднёва-ўсходнім краі выспы Ворлева. Пры асушэнні балота прарэзана меліярацыйнымі канавамі. Культурны пласт з пяску, раслінных і драўняных рэшткаў перакрываецца торфам. У 1934 годзе выявіў, у 1934 і 1939 гг. даследаваў К. М. Палікарповіч, у 1961–1963 гг. даследавалі П. А. Прыбыткін, у 1966 годзе – М. М. Чарняўскі. Даследавана 510 м2 плошчы. Вылучаны ніжні і верхні гарызонты. У ніжнім знойдзены нешматлікія фрагменты гладкасценнай керамікі з разрэджанымі арнаментамі, утворанымі насечкамі, грабеньчатымі адбіткамі, рознымі плыткімі кропачкамі, драўняны вугаль, крамянёвыя і касцяныя прылады працы. Датуецца другой паловай III тыс. да нашай эры. У верхнім гарызонце, які датуецца першай паловай II тыс. да нашай эры і адносіцца да позняга неаліту і ранняга бронзавага веку, знойдзены рэшткі драўляных жытлаў; шматлікія фрагменты арнаментаваныя шчыльнымі насечкамі, грабеньчатымі адбіткамі шнура, з пракрэсленымі рысамі керамікі паўночнабеларускай культуры; касцяныя і рагавыя прылады працы – праколкі, наканечнікі стрэл, сякеры, долаты і іншыя; нешматлікія крамянёвыя прылады; упрыгожванні з бурштыну, касцей і зубоў жывёл.
Крывіна-2. За 1 км на паўночны захад ад в. Галоўск, на ўсходнім краі ўрочышча Ворлева. У 1963 годзе выявіў і даследаваў 25 м2 плошчы П. А. Прыбыткін, у 1980–1981 гг. даследаваў 55 м2 плошчы Э. М. Зайкоўскі. Культурны пласт 0,25–0,4 м залягаў пад пластом торфу таўшчынёй 0,2–1 м. Знойдзеныя крамянёвыя і касцяныя прылады працы і кераміка нарвенскай і паўночнабеларускай культур (канец III – пачатак II тыс. да нашай эры).
Крывіна-3. За 1 км на паўночны ўсход ад в. Галоўск, абапал магістральнага канала (выпрастанае рэчышча ракі Крывінка), на Крывінскім тарфяніку. Плошча каля 0,3 га. У 1978 годзе выявіў і даследаваў (81 м2 плошчы) Э. М. Зайкоўскі. Культурны пласт каля 0,8 м. Знойдзена ляпная арнаментаваная кераміка, крамянёвыя скрабкі, праколкі, трохвугольныя наканечнікі стрэл, каменная свідраваная ромбападобная сякера, прылады працы з рогу і косці (цёслы, шылы, наканечнікі стрэл), упрыгожванні з косці і бурштыну, берасцяныя паплаўкі. Датуецца пачаткам II тыс. да нашай эры, адносіцца да паўночнабеларускай культуры (позні неаліт і ранні бронзавы век).
ЛІТАРАТУРА
1. Акулёнак, Л. Археалагічныя скарбы тарфянога балота / Л. Акулёнак // Зара (Бешанковiчы). – 2005. – 19 жн. – С. 6.
2. Алимова, Е. Привет из каменного века / Е. Алимова // Витебские вести. – 2018. – 11 авг. – С. 11.
3. Будзько, У. Сляды сівой даўніны / У. Будзько // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 27–34.
4. Волкова, Л. Тайны Кривинского торфяника / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 2015. – 29 нояб. – С. VIII.
5. Зайкоўскі, Э. Паселішча на крывінскім тарфяніку / Э. Зайкоўскі // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1980. – № 1. – С. 29.
6. Лазука, І. Аматары археалогіі без справы не сядзяць / І. Лазука // Народнае слова. – 1999. – 19 студз. – С. 5.
7. Мінёнак, Н. Далёкая спадчына нашай зямлі / Н. Мінёнак // Голас Сенненшчыны. –2004. – 29 чэрв. – С. 3.
8. Чарняўскі, М. Крывінскі тарфянік: работы не на гады – на стагоддзі / М. Чарняўскі ; гутарыў А. Лазюк // Голас Сенненшчыны. – 2018. – 18 жн. – С. 3, 5.
9. Чарняўскі, М. Крывінскі тарфянік: раскопак – на стагоддзі / М. Чарняўскі ; гутарыў А. Лазюк // Віцьбічы = Витьбичи. – 2018. – 23 авг. – С. III.