Гарадзішча. Талачынскі раён, аг. Друцк
- Подробности
- Створана 20.01.2020 09:34
- Адноўлена 20.01.2020 08:43
Гарадзішча ля аг. Друцк вядома пад назвай Друцкае. Знаходзіцца каля вёскі, на высокім узгорку (не менш за 20 м над узроўнем вады), на правым беразе ракі Друць. З'яўляецца рэшткамі старажытнарускага Друцка (Дрютеск, Друтеск, Друческ).
Захаваліся рэшткі дзядзінца (плошча каля 1 га), умацаванага валам вышынёй 10 м і ровам глыбінёй 2,5–3 м, а таксама вакольнага горада (да 1,3 га), умацаванага валам вышынёй 7 м і ровам глыбінёй каля 2 м. 3 поўначы, захаду і ўсходу да вакольнага горада прымыкаў рамесніцкі пасад. Археалагічныя раскопкі ў Друцку праводзілі А. Д. Каваленя (1930), Л. В. Аляксееў (1956–1962, 1965 і 1967), Вольга Ляўко (1999, 2008–2009, 2013). Выяўлены 2 перакрыжаваныя вуліцы, вымашчаныя бярвеннем, рэшткі жылых і гаспадарчых пабудоў. На дзядзінцы выяўлены ўчастак гарадской плошчы, княжацкая і рамесніцкая часткі горада. Пры раскопках знойдзена шмат прылад працы, зброі, шматлікія ўпрыгожанні, ліцейныя формы, прасліцы з надпісам, прывазныя рэчы. Друцк гандляваў з Кіевам, Смаленскам, Оўручам і іншымі гарадамі, з Прыбалтыкай, Візантыяй. Раскопкі паказалі, што Друцк знішчаны пажарам у пачатку XVI ст. Паводле археалагічных звестак Друцк узнік у XI ст.
ЛІТАРАТУРА
1. Аляксееў, Л. В. Горад на Друці / Л. В. Аляксееў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Талачынскага раёна / рэдкал.: І. П. Шамякін [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1988. – С. 34–40.
2. Снараў, І. Гарадзішча / І. Снараў // Наша Талачыншчына. – 2009. – 26 верас. – С. 4.
3. Талачынскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 409–420.