Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Курган Атокінскі. Расонскі раён, в. Янкавічы

Каля в. Амосенкі знаходзіцца археалагічны комплекс – гарадзішча днепра-дзвінскай культуры, 2 селішчы банцараўскай культуры, 2 курганныя могільнікі.

Гарадзішча было ўмацавана валам. Побач на выспе размяшчаецца селішча плошчай 60х30 м.

У 1964 годзе яго даследаваў К. П. Шут. Былі выяўлены рэшткі паўзямлянкавага жылля, ляпная гладкасценная кераміка.

Другое селішча размешчана на ўзвышшы паміж выспай і ручаём, які ўпадае ў возера Стрэшна. Асноўным тыпам пахаванняў у банцараўцаў былі курганныя могільнікі. Найбольш старажытныя з іх выяўлены каля в. Янкавічы ва ўрочышчы Атокі і на месцы былой вёскі Павалішына.

Курганны могільнік ва ўрочышчы Атокі размешчаны за 4 км на паўднёвы ўсход ад в. Янкавічы на левым беразе р. Дрыса за 300 м ад яе рэчышча. У могільніку 3 курганы – два круглыя паўсферычныя і доўгі валападобны.

Валападобны курган меў незвычайныя памеры: даўжыня – 110 м, шырыня – 9 м, вышыня – 1,5 м. Большы па даўжыні курган археалогіі невядомы.

У 1967–1969 гг. археалагічная экспедыцыя на чале з Г. В. Штыхавым даследавала Атокінскі Курган.

Увесь яго насып складаўся з жоўтага пяску, які бралі побач з грунту. Каля падножжа насыпу па ўсёй плошчы кургана прасочваецца попельна-вугальная праслойка магутнасцю 15–30 см, а месцамі і болей. Курган насыпаны ў адзін прыём, выконваў ролю калектыўнага могільніка. Пахаванні выяўлены ў трох месцах. Каля ўсходняга краю насыпу ў попельна-вугальнай праслойцы выяўлена слоікападобная гліняная урна вышынёй 26 см – перакуленая дагары нагамі ляпная пасудзіна накрывала гаршчок з перапаленымі касцямі.

Урна падобная на кераміку банцараўскай культуры. За 25 м ад урны пад курганам у грунце выяўлена іншае пахаванне. У вогнішчы плошчай 24 м2 было больш за 3 кг перапаленых касцей. Гэта сведчыць пра крэмацыю некалькіх нябожчыкаў і жывёл адначасова. Сярод рэшткаў крэмацыі сустракаюцца фрагменты касцяных вырабаў, бронзавых упрыгажэнняў.

Унікальнай з'яўляецца знаходка «бляшак-шкарлупінак» – невялікіх пукатых бронзавых вырабаў для ўпрыгажэння галаўных убораў або рамянёў. Яны характэрны для пскоўскіх курганоў і адлюстроўваюць уплыў культуры заходнефінскага насельніцтва на плямёны, якія жылі на тэрыторыі сучаснага Расонскага раёна. Курган ва ўрочышчы Атокі датуецца прыкладна сярэдзінай I-га тыс. н. э.

Трэцяе пахаванне – перапаленыя косці, перамяшаныя з пяском. Знаходзілася за 12 м ад апошняга ў насыпе.

Насельніцтва банцараўскай культуры хавала нябожчыкаў у доўгіх курганах.

У выніку ў археалагічнай навуцы ўсталяваўся тэрмін – атокінскі варыянт банцараўскай культуры.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Кожар, Н. Таямніца Атокінскага кургана / Н. Кожар // Голас Расоншчыны. – 2007. – 11 мая. – С. 2.

2. Расонскі раён // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – С. 201–203.

3. Штыхаў, Г. В. Зямля нашых продкаў / Г. В. Штыхаў // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 22–27.