Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Археалагічны комплекс. Шумілінскі раён, в. Кардон

Помнік археалогіі каля в. Кардон быў выяўлены ў 1933 годзе, тады знаходкі на ім датавалі VIII–IX стст., але далей помнік не даследаваўся. Да 2015 года пашкоджаны «чорнымі капацелямі».

У 2015 годзе экспедыцыя пад кіраўніцтвам В. Ляўко абследавала помнік. Былі знойдзены часткі ювелірных упрыгажэнняў (крыжыкі, пацеркі, фрагмент срэбнай падвескі, частка скроневага кольца, падвеска з меднага фоліса імператара Льва VI), раменныя накладкі, скандынаўская гірка-разнавага, манеты і гузікі IX–X стст., зліткі каляровых металаў.

У 2016 годзе навукоўцы разам са студэнтамі гістфакаў БДУ і ВДУ імя П. М. Машэрава правялі раскопакі на археалагічным комплексе Кардон. Знойдзена больш за 600 індывідуальных знаходак на плошчы раскопак 380 м2. Гэта дазваляе сцвярджаць, што паміж вёскамі Кардон і Ілава знойдзена буйное пасяленне эпохі вікінгаў – гарадзішча і два селішчы.

Каля гарадзішча існавала прыстань для невялікіх караблёў і лодак, выяўлены курган дыяметрам каля 20 м і вышынёй да 3 м. Пры раскопках кургана знойдзены рэчы і астанкі пахаваных людзей, якія дазваляюць гаварыць пра існаванне на гэтым месцы могілак у першай палове XVII ст. Культурны слой кургана невялікі (40–60 см), але вельмі насычаны прадметамі IX–X стст. Знаходкі дазваляюць сцвярджаць, што на гэтым месцы існавала гандлёва-рамеснае пасяленне: візантыйскія і арабскія манеты, гіркі, вагі, фрагменты конскай збруі, гузікі, крыжыкі, падвескі для ўпрыгажэнняў і адзення, накладкі на паясы, а таксама загатоўкі для вырабаў. Плавільныя тыглі і печы сведчаць пра актыўны гандаль і рамесную дзейнасць. У Кардоне знойдзены прадметы і манеты, якія маюць паходжанне заходнеславянскае, візантыйскае, скандынаўскае, арабскае, булгарскае, нават ёсць рымскія манеты I–II стст. н. э. Сярод знаходак толькі адзін наканечнік стралы.

Гэта пасяленне раннедзяржаўнага тыпу эпохі вікінгаў. Прычым вікінгі – гэта не толькі выхадцы са Скандынаўскага паўвострава, сюды пранікалі і прадстаўнікі германскіх і заходнеславянскіх плямёнаў, якія жылі на ўзбярэжжы Балтыйскага мора. Іх прываблівала магчымасць гандлю і «шлях з варагаў у грэкі». Гэта была разгалінаваная сетка шляхоў, якія вялі па рэках з басейна Балтыйскага мора ў басейн Чорнага. Можна лічыць, што Кардон знаходзіўся на адным з іх, больш раннім – VIII–IX стст. Можна меркаваць пра шлях па Дзвіне да Віцебска і далей па Лучосе з пераходам на прытокі Дняпра, ці па Уле з пераходам да Бярэзіны і, зноў жа, у Днепр; магчымы шлях на поўнач – па правабярэжных прытоках Дзвіны (магчымы варыянт па Обалі) з пераходам на Ловаць і далей да Ноўгарада. Шлях па Уле, вусце якой знаходзіцца непадалёк ад Кардона, быў адным з асноўных адгалінаванняў «шляху з варагаў у грэкі» ў ранні час. «Класічны» шлях праз Ноўгарад і Смаленск да Кіева і далей да Чорнага мора – становіцца асноўным толькі з Х ст., калі Алег аб'яднаў Ноўгарад і Кіеў.

Гарадзішча было ўпершыню выяўлена і даследавана ў 1933 годзе, зафіксавана яго разбурэнне Заходняй Дзвіной, праведзена датаванне (VIII ст.). Яго плошча была каля 0,5 га, да нашага часу захавалася прыкладна трэцяя частка былога гарадзішча, астатняя разбурана ракой. Археолагі знайшлі больш за 1000 фрагментаў керамікі, якія дазваляюць гаварыць пра існаванне пасялення на гэтым месцы ў III–IV стст. днепра-дзвінскай культуры, пазней банцараўскай культуры: ганчарная кераміка, прадметы, якія дазваляюць гаварыць пра наяўнасць бронзаліцейнай вытворчасці (прасліца – дэталь вертыкальнага ткацкага станка).

Даследавана і селішча, якое далучаецца да гарадзішча. Выяўлена кераміка, якая адносіцца да банцараўскай культуры і эпохі Старажытнай Русі.

Другое селішча аддзелена ад гарадзішча ручаём. Селішча памерам 250х350 м, раскапаны ўчастак памерам 180 м2, знойдзены рэшткі пабудовы, якую ўмоўна назвалі «домам ювеліра», бо ў ёй знойдзены рэшткі печкі-каменкі, тыглі, кроплі металу, бронзавыя і шкляныя пацеркі, пярсцёнкі, падвескі, крыжыкі IX–XI стст. Археолагі знайшлі таксама арабскую (922) і булгарскую манеты, фрагменты заходнеславянскай керамікі.

У Кардоне ўпершыню ў Беларусі знойдзены загатоўкі для вырабу паясных бляшак. Таксама выяўлены шматлікія і разнастайныя паясныя бляшкі і наканечнікі, якія адпавядаюць вырабам з Прыкам'я, Готланда, Чарнігава, Гнёздава, Швецыі і дазваляюць прасачыць існаванне паселішча з IX да XII стст.

 

 

Раскопкі археалагічнага комплексу Кардон. Фота з сайта http://dostoyanieplaneti.ruРаскопкі археалагічнага комплексу Кардон. Фота з сайта https://www.sb.byАртэфакты з археалагічнага комплексу Кардон. Фота з сайта http://www.shumilino.byАртэфакты з археалагічнага комплексу Кардон. Фота з сайта http://vitvesti.byАртэфакты з археалагічнага комплексу Кардон. Фота з сайта http://vitvesti.by

ЛІТАРАТУРА

1. Алимова, Е. Поселение № 1 / Е. Алимова // Витебские вести. – 2016. – 4 авг. – С. 20.

2. Бондарава, Т. Вікінгі на Віцебшчыне: знаходкі і адкрыцці / Т. Бондарава // Настаўніцкая газета. – 2017. – 18 мая. – С. 3.

3. Долгожданная, Д. Путь из варяг в греки / Д. Долгожданная // Советская Белоруссия. – 2016. – 4 авг. – С. 1, 13.

4. Ермалаеў, С. Новая старонка старажытнай гісторыі Шуміліншчыны / С. Ермалаеў // Герой працы (Шумiлiна). – 2017. – 11 крас. – С. 3.

5. Наумова, А. «Молоточки Тора» лежали возле Шумилино / А. Наумова // Сельская газета. – 2017. – 22 июля. – С. 30.

6. Путь из варяг в греки проходил через Подвинье / подгот. Е. Талаева // Знамя юности. – 2016. – 4–10 авг. – С. 12.

7. Чарнічэнка, Н. А ў Кардоне зноў капалі / Н. Чарнічэнка // Герой працы (Шумiлiна). – 2018. – 31 ліп. – С. 4.

8. Чарнічэнка, Н. Ідзе другі сезон раскопак на археалагічным комплексе Кардон / Н. Чарнічэнка // Герой працы (Шумiлiна). – 2017. – 18 ліп. – С. 4–5.

9. Шчарбачэвіч, Н. Ювелірны цэнтр каля Шуміліна / Н. Шчарбачэвіч // Звязда. – 2016. – 12 жн. – С. 3.

10. Шэдзько, А. Унікальнае археалагічнае адкрыццё / А. Шэдзько // Герой працы (Шумiлiна). – 2016. – 19 ліп. – С. 4.

 

СПАСЫЛКІ

arrow Археологи продолжат исследовать древнее поселение на Подвинье