Замак Верхні. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 22.02.2021 15:23
- Адноўлена 13.04.2021 09:06
Мясцовая назва Горні. Дзядзінец старажытнага Віцебска. Размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры яе ўпадзенні ў Заходнюю Дзвіну. Гэтая тэрыторыя абмывалася з поўначы Віцьбай, з захаду – Заходняй Дзвіной, з поўдня абмежавана рэчышчам былога Заручаўскага ручая. Ва ўсходняй частцы дзядзінца ўзвышалася Замкавая гара (Ламіха) плошчай каля 1 га, на якой было, як мяркуюць, першапачатковае гарадзішча старажытнага Віцебска. Замкавая гара вышынёй 15 м амаль уся зрыта ў канцы ХІХ ст. На невялікай уцалелай плошчы ў 1928 годзе А. М. Ляўданскі праводзіў раскопкі. Культурны пласт да 1 м. Знойдзены ляпная кераміка, што пацвярджае існаванне тут старажытнага паселішча днепра-дзвінскай культуры і культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны (VІ–VІІІ стст.), а таксама ганчарны посуд Х–ХІІ стст. На мысе пры ўпадзенні Віцьбы ў Заходнюю Дзвіну існавала другое паселішча. У ХІІ–ХІІІ стст. у дзядзінец уключаны абодва паселішчы, яго тэрыторыя склала 4 га. 3 ХІV ст. ён стаў называцца Верхнім замкам, з паўднёвага і ўсходняга бакоў да яго прымыкаў Ніжні замак.
М. Стрыйкоўскі ў «Хроніцы» паведамляў, што ў ХІV ст. «Альгерд умацаваў Верхні замак мураванаю сцяной і вежамі і ўпрыгожыў гэты замак палатамі». Тут знаходзілася старажытная драўляная на каменным падмурку царква архангела Міхаіла. Верхні замак быў пашкоджаны ў час аблогі Віцебска ў 1396 годзе войскамі Вітаўта.
У 2-й палавіне ХVI ст. замкі былі адбудаваны. Вось якое апісанне іх пакінуў камендант Віцебска польскі гісторык А. Гваньіні: «У Віцебску ёсць два вельмі прасторныя і, дзякуючы свайму зручнаму месцазнаходжанню, вельмі ўмацаваныя замкі, адзін з іх размешчаны на раўніне і памерам роўны гораду, называецца Ніжнім замкам; другі – Верхні замак, знаходзіцца на даволі высокім пагорку. Абодва гэтыя замкі ўмацаваны вежамі і сценамі, якія пабудаваны з дубу і напоўнены зямлёю ды каменнем». У час аблогі Віцебска ў 1654 годзе рускімі войскамі замкі былі пашкоджаны. Цар Аляксей Міхайлавіч загадаў аднавіць іх. У 1664 годзе быў зроблены іх «Чарцёж».
Верхні замак меў 6 драўляных вежаў (Шарамеццеў круглік, Веставая, Танкова, Бабарыкін круглік, Хранавіцкая, Цёмныя вароты) і мураваныя палаты, што ўваходзілі ў сістэму абарончых збудаванняў. Тут знаходзіліся двор ваяводы, будынак прыказа, двор Горскага з паднятым на высокае падклецце домам, турма, абгароджаная парканам, калодзеж.
Археалагічныя раскопкі ў Верхнім замку праводзілі Г. В. Штыхаў (1975), В. М. Ляўко (1976), М. А. Ткачоў (1977–1978), У. Л. Калядзінскі (1979–1980). М. А. Ткачоў даследаваў больш за 700 м2 плошчы. Культурны пласт ад 6,5 да 11 м. Выяўлена 7 ярусаў маставых, каля 100 жылых і гаспадарчых пабудоў ХІІ–ХVII стст. Знойдзена шмат прылад працы, рэчаў бытавога прызначэння, зробленых з жалеза, дрэва, косці, упрыгажэнняў з каляровых металаў, шкляных бранзалетаў, скуранога абутку, глінянага посуду, кафлі.
Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
ЛІТАРАТУРА
1. [Верхні замак] // Панарама старога Віцебска / Ю. Н. Кішык. – Мінск : Полымя, 1995. – С. 18–25.
2. Верхний замок // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 89–91.
3. Калядзінскі, Л. У. Віцебскі Верхні замак / Л. У. Калядзінскі // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / склад. Ю. У. Каласоўскі ; рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : А–К. – С. 177–179.
4. Калядзінскі, Л. У. Віцебскі Верхні замак / Л. У. Калядзінскі // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – С. 134–135.
5. Калядзінскі, Л. У. Дзядзінец і Верхні замак Віцебска ў 11–13 ст. / Л. У. Калядзінскі // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2002. – Кн. 1. –С. 30–37.
6. Калядзінскі, Л. У. Італьянская маёліка XVI ст. з раскопак Верхняга замка Віцебска: новыя падыходы ў вывучэнні артэфакта / Л. У. Калядзінскі // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю знаходкі берасцяной граматы ў Віцебску і 150-годдзю з дня нараджэння А. Р. Брадоўскага, Віцебск, 22–23 кастр. 2009 г. / рэдкал.: Г. У. Савіцкі, В. А. Шышанаў, А. І. Лагунова – Мінск : Медысонт, 2010. – С. 58–64.
7. Колединский, Л. В. Верхний замок Витебска: основные итоги археологического изучения за 100 лет (конец ХIX – конец XX в.) / Л. В. Колединский // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 90-годдзю з дня нараджэння Л. В. Аляксеева, Віцебск, 28–29 кастр. 2010 г. / рэдкал.: Г. У. Савіцкі, В. А. Шышанаў, Н. Ю. Шаркоўская. – Минск : Медисон, 2012. – С. 113–143.
8. Колединский, Л. В. «Что же зеркальце в ответ?» (Об атрибуции одной находки – деревянном изделии конца XIII – нач. XIV вв. Из раскопок Верхнего замка Витебска) / Л. В. Колединский // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, 20–21 кастр. 2011 г., 14–15 лістап. 2012 г., г. Віцебск / [рэдкал.: Г. У. Савіцкі, В. А. Шышанаў, Н. Ю. Шаркоўская]. – Мінск : НББ, 2013. – С. 30–33.
9. Кушнярэвіч, А. М. Фартыфікацыйны феномен віцебскага Верхняга замка / А. М. Кушнярэвіч // Віцебскія старажытнасці : матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 50-годдзю знаходкі берасцяной граматы ў Віцебску і 150-годдзю з дня нараджэння А. Р. Брадоўскага, Віцебск, 22–23 кастр. 2009 г. / рэдкал.: Г. У. Савіцкі, В. А. Шышанаў, А. І. Лагунова – Мінск : Медысонт, 2010. – С. 112–117.
10. Цішкін, І. А. Віцебск: страчаная прыгажосць горада = Vitebsk: Lost beauty of the city / І. А. Цішкін. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2002. – 48 с.
11. Штыхаў, Г. В. Верхні замак / Г. В. Штыхаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 51.
12. Якімовіч, Ю. А. Помнікі горадабудаўніцтва Віцебска / Ю. А. Якімовіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 592.