Задунаўская слабада. г. Віцебск
- Подробности
- Створана 22.02.2021 15:23
- Адноўлена 06.09.2021 14:09
Задунаўская слабада знаходзіцца на левым беразе р. Віцьба, у месцы ўпадзення ў яе ручая Дуная, на ўсход ад Ніжняга і Узгорскага замкаў. Плошча каля 5 га. З'яўлялася пасадам феадальнага Віцебска XIV–XVII стст. Паводле пісьмовых крыніц XVI–XVII стст., падзялялася на паўночны (Кстоўская гара) і паўднёва-ўсходні (Задунаўе) участкі. Абследаваў у 1977 годзе М. Л. Ткачоў, у 1980–1981 гг. В. М. Ляўко правяла раскопкі на Кстоўскай гары і ў Задунаўі на агульнай плошчы 420 м2. Культурны пласт на Кстоўскай гары 0,4–1,2 м, у Задунаўі – 1,5 м. Большасць знаходак (кераміка, вырабы з жалеза, шкла) адносіцца да XVI–XVIII стст. У раскопах выяўлены рэшткі жытлаў XIV–XV стст. з бытавымі рэчамі. Знаходкі па тэхналогіі апрацоўкі і вонкавым выглядзе адрозніваюцца ад матэрыялаў, выяўленых пры раскопках віцебскіх замкаў, і сведчаць пра самастойнае развіццё гэтага паселішча. У пісьмовых крыніцах адзначана слабая заселенасць участка ў XVI–XVII стст., калі ён быў ужо гарадскім пасадам. Гэтыя ж крыніцы сведчаць пра наяўнасць на Кстоўскай гары курганнага некропаля – відаць, аднаго з месцаў пахавання гараджан. Цяпер культурны пласт у Задунаўскай слабадзе прасочваецца на абмежаваным участку, прыкладна ў 800 м2. У шурфе № 1 (на рагу вуліц Даватара і Фрунзэ) на мацерыку выяўлены фрагмент драўлянай пабудовы XVII ст. са слядамі пажару.
ЛІТАРАТУРА
1. Задунавская слобода // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 181.
2. Ляўко, В. М. Віцебская Задунаўская слабада / В. М. Ляўко // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / склад. Ю. У. Каласоўскі ; рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : А–К. – С. 171–172.
3. Ляўко, В. М. Віцебская Задунаўская слабада / В. М. Ляўко // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – С. 131.
4. Ляўко, В. М. Задунаўская слабада / В. М. Ляўко // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 62–63.