Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Заручаўская слабада. г. Віцебск

Заручаўская слабада знаходзілася на паўднёвы ўсход ад Ніжняга замка, паміж вуліцамі імя газеты «Праўда», Гогаля, Калініна, злева ад былога Гапеева ручая, які ўпадаў у Заходнюю Дзвіну. З'яўлялася пасадам Віцебска ХІІ–ХVII стст. Плошча 10 га. Гісторык А. П. Сапуноў адзначаў на аснове пісьмовых крыніц наяўнасць ва ўсходняй, больш высокай частцы Заручаўя курганнага некропаля – «валатовак» побач са Свята-Духаўскай царквой (пабудавана ў ХIV ст.). Гэта частка, паводле назіранняў краязнаўцаў-гісторыкаў ХIX ст., засялілася не раней ХVIII ст. Заходні, больш нізкі ўчастак Заручаўя быў заселены яшчэ ў эпоху сярэдневякоўя. У ХVI ст. тут знаходзілася «кажамяцкая» царква, якая належала гарбарам. Уздоўж Заходняй Дзвіны праходзіла вуліца Вялікая, якая злучала Ніжні замак з Заручаўем. Шурфоўка, праведзеная В. М. Ляўко ў 1981 годзе, пацвердзіла адсутнасць культурнага пласта ва ўсходняй частцы Заручаўя. Гэта падмацоўваецца матэрыяламі геалагічнага свідравання і археалагічнымі назіраннямі падчас будаўніцтва. Тут выяўлены толькі фундаменты жаночага манастыра ХIX ст. і рэшткі керамікі гэтага часу.

Шурфы і раскопы агульнай плошчай каля 150 м2 былі закладзены ў заходняй частцы Заручаўя ўздоўж р. Заходняя Дзвіна на тэрыторыі сквера каля вуліцы Калініна. Культурны пласт 0,5–2 м. Магутнасць яго павялічваецца на поўдзень ад Ніжняга замка. Тут знойдзена кераміка і шыферныя прасліцы ХІІ ст. Каля Ніжняга замка культурны пласт датуецца XVI–XVIII стст. Рэчы з Заручаўя ідэнтычныя знаходкам Задунаўскай слабады і дазваляюць меркаваць, што на гэтым месцы ў старажытны час існавала сельскае паселішча, якое ў эпоху феадалізму стала пасадам Віцебска.

 

ЛІТАРАТУРА

1. Заручевская слобода // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 187.

2. Ляўко, В. М. Віцебская Заручаўская слабада / В. М. Ляўко // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / склад. Ю. У. Каласоўскі ; рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : А–К. – С. 173.

3. Ляўко, В. М. Віцебская Заручаўская слабада / В. М. Ляўко // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – С. 131–132.

4. Ляўко, В. М. Заручаўская слабада / В. М. Ляўко // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 63.

5. Якімовіч, Ю. А. Помнікі горадабудаўніцтва Віцебска / Ю. А. Якімовіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 594.