Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Замак Ніжні. г. Віцебск

Ніжні замак займаў выцягнутую тэрыторыю з захаду на паўднёвы ўсход і поўдзень ад Верхняга замка. 3 усходу і поўдня абмежаваны рэчышчам былога Заручаўскага ручая, з захаду абмываецца водамі Заходняй Дзвіны. Плошча каля 6 га.

Паводле археалагічных даных, паселішча ўзнікла ў заходняй частцы замка ў VI–VIII стст. Тут знойдзены матэрыялы культуры тыпу верхняга пласта Банцараўшчыны. 3 канца X ст. узнікла яшчэ адно паселішча крывічоў ва ўсходняй частцы замка (на тэрыторыі сучаснай плошчы Свабоды), тэрыторыя замка значна павялічылася.

У пачатку XIV ст. пасад займаў амаль усю плошчу замка (каля 6 га), быў абнесены мураванай крапасной сцяной з абарончымі вежамі: 3 вежы – Жыдоўскія, Заручаўскія і Валконскі круглік – праязныя вароты, варотцы Задунаўскія і 10 глухіх вежаў. Яны былі ў плане прамавугольныя ці васьмігранныя «круглікі», завяршаліся шатрамі з гербамі ці невялікімі шпілямі. Частка вежаў мела каравульныя памяшканні. У заходняй частцы Ніжняга замка знаходзілася Благавешчанская (XII ст.), ва ўсходняй – Пятніцкая (XIV ст.) цэрквы. Праз усю тэрыторыю замка праходзіла галоўная магістраль – вуліца Вялікая, якая вяла да Заручаўскіх праязных варот.

На «Чарцяжы» 1664 года тып багатага гарадскога будынка прадстаўлены дамамі Шапкіна і Агінскага. Дом Шапкіна складаўся з 2 размешчаных пад вуглом карпусоў, меў высокі ўваход у выглядзе васьміграннай вежы, што паўтарала форму вежаў – «круглікаў» віцебскіх замкаў, і высокае падклецце. Жылая частка складалася з 2 паверхаў. Найбольш цікавы – дом Агінскага. Асноўная частка яго – выцягнуты падняты на падклецце абкружаны галерэяй прамавугольнік, да якога прымыкаў шасцігранны аб'ём з шырокай знешняй лесвіцай, і высокая, накрытая шатром, вежа. Жылая забудова замка была драўлянай і даволі шчыльнай. Асноўная частка насельніцтва – бедныя гараджане-рамеснікі, жылі ў аднакамерных хатах з двухсхільным дахам, рубленых у абло з астаткам і накрытых драніцай. Хата памерам 3,2х3,6 м ставілася на драўляныя падваліны, мела падлогу з дошак на лагах і печ. Побач размяшчаліся гаспадарчыя пабудовы, якія разам з жытлом складалі сядзібны комплекс.

У 1959 годзе падчас земляных работ па плошчы Свабоды выпадкова выяўлена першая на Беларусі берасцяная грамата XIII–XIV стст. Культурны пласт на плошчы Свабоды 5–8 м. У ім добра захаваліся дрэва і арганічныя рэшткі.

Раскопкі Ніжняга замка праводзілі Г. В. Штыхаў (1963–1966, 1972), В. М. Ляўко (1976), М. А. Ткачоў (1977, 1979), Т. С. Бубенька (1881–1983). Каля Благавешчанскай царквы даследавана каля 1500 м2 плошчы. Культурны пласт 2,2–7 м. Выяўлены матэрыялы 2-й паловы I-га тыс.: шмат керамічных вырабаў, каменныя формы для адліўкі жаночых упрыгажэнняў, жалезныя наканечнікі стрэл, шкляныя, сердалікавыя, хрусталёвыя пацеркі, гліняныя дыскападобныя грузікі для вертыкальнага ткацкага станка. Да XI–XIII стст. адносяцца вырабы з жалеза, каляровых металаў, шкляныя бранзалеты, гліняны посуд, касцяная шахматная фігура. Знойдзена шмат кафлі і бытавой керамікі XIV–XVII стст. М. А. Ткачоў раскапаў участак абарончага вала Ніжняга замка з драўлянай рашотчатай канструкцыяй унутры. У 1981 годзе Т. С. Бубенька за 15 м на паўднёвы захад ад Благавешчанскай царквы выявіла земляны абарончы вал, драўляную абарончую вежу, якая, відаць, нанесена на «Чарцёж» Віцебска 1664 года пад назвай «Вежа сярэдняя». Рэшткі яе датуюцца сярэдзінай XVII ст. У 1982 годзе на ўсход ад царквы Т. С. Бубенькай былі ўскрыты рэшткі драўлянай карчмы XVII ст. з брукаванай падлогай.

Матэрыялы раскопак захоўваюцца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.

 

Археалагічныя раскопкі на тэрыторыі Ніжняга замка г. Віцебска, 1984 г. Фота з кнігі Цішкін, І. А. Віцебск: Страчаная прыгажосць горада = Vitebsk: Lost beauty of the city / І. А. Цішкін. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2002. – С. 22.Рэшткі Духаўской вежы г. Віцебска, ускрытай падчас археалагічных раскопак на тэрыторыі Ніжняга замка, 1984 г. Фота з кнігі Цішкін, І. А. Віцебск: Страчаная прыгажосць горада = Vitebsk: Lost beauty of the city / І. А. Цішкін. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2002. – С. 22.

ЛІТАРАТУРА

1. Бубенька, Т. С. Віцебскі Ніжні замак / Т. С. Бубенька // Археалогія Беларусі : энцыклапедыя : у 2 т. / склад. Ю. У. Каласоўскі ; рэдкал.: Т. У. Бялова [і інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 2009. – Т. 1 : А–К.– С. 180–182.

2. Бубенька, Т. С. Віцебскі Ніжні замак / Т. С. Бубенька // Археалогія і нумізматыка Беларусі : энцыклапедыя / рэдкал.: В. В. Гетаў і інш. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1993. – С. 135–137.

3. Бубенька, Т. С. Ніжні замак / Т. С. Бубенька // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 72–73.

4. Бубенько, Т. С. Средневековый Витебск. Посад – Нижний замок (Х – первая половина XIV в.) : монография / Т. С. Бубенько. – Витебск : ВГУ, 2004. – 276 с.

5. Волкова, Л. Стряхнуть пыль веков / Л. Волкова // Віцьбічы = Витьбичи. – 1997. – 25 июля. – С. 2.

6. [Ніжні замак] // Панарама старога Віцебска / Ю. Н. Кішык. – Мінск : Полымя, 1995. – С. 21–23.

7. Нижний замок // Витебск : энциклопедический справочник / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – Минск : БелСЭ, 1988. – С. 261–262.

8. Цішкін, І. А. Віцебск: Страчаная прыгажосць горада = Vitebsk: Lost beauty of the city / І. А. Цішкін. – Віцебск : УПП «Віцебская абласная друкарня», 2002. – 48 с.

9. Якімовіч, Ю. А. Ніжні замак / Ю. А. Якімовіч // Памяць: Віцебск : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; склад. А. І. Мацяюн ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2003. – Кн. 2. – С. 592.