Града «Арэшкінская». Аршанскі раён, в. Арэшкі
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 08.11.2018 11:36
Помнік рэспубліканскага значэння. Знаходзіцца на тэрыторыі Клюкаўскага сельскага Савета ў квартале № 53 Клюкаўскага лясніцтва Дзяржаўнай доследнай лесагаспадарчай установы «Аршанскі вопытны лясгас».
Плошча помніка складае 40 га.
Града – гэта вузкае, выцягнутае з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход выразна выяўленае ў рэльефе ўзвышэнне, якое ўтварылася прыкладна 15–20 тысяч гадоў таму назад у выніку выціскання адкладаў у падледавіковую паражніну (канал).
Арэшкінская града змяшчае ядро з азёрна-ледавіковага пяску, які выціснуты ў выглядзе зморшчыны і пакрыты чырвона-бурай валуннай марэннай супессю. Агульная магутнасць адкладаў складае 12 метраў. Града мае выгляд вала са стромкімі (40°) выпуклымі схіламі і роўным грэбнем.
Абсалютныя значэнні паверхні грады вагаюцца ад 180 да 187,5 метраў над узроўнем мора і да 10–12 метраў адноснай вышыні. Арэшкінская града цягнецца на 2,7 кіламетры пры шырыні 50–250 метраў і размяшчаецца сярод ледавіковых нізін, адкуль у асноўным і выціскаўся пясчаны і марэнны матэрыял.
У плане града прамалінейная і адлюстроўвае кірунак руху ледавіка.
ЛІТАРАТУРА
1. Гряда «Орешкинская» // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 12.
2. Особо охраняемые природные объекты // Природные ресурсы и охрана окружающей среды г. Орша и Оршанского района / М. Ю. Калинин. – Минск : БЕЛСЭНС, 2008. – С. 105.