Камень Рагвалодаў. Аршанскі раён, в. Дзятлава
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 08.11.2018 14:57
Рагвалодаў камень – былы паганскі фетыш, помнік эпіграфікі XII стагоддзя. Як мяркуецца, межавы знак Друцкай воласці. Знаходзіўся ля вёскі Дзятлава Аршанскага раёна.
На камені, даўжыня якога была 3 м, а шырыня 2,4 м па загаду Друцкага князя Рагвалода Барысавіча, унука Усяслава Чарадзея, у 1171 годзе былі высечаныя шасціканцовы крыж з манаграмамі і надпіс на царкоўнаславянскай мове: «В лето 6679 месяца мая в 7 день доспен крест сей. Господи помози рабу своему Василию в крещении именем Рогволоду сыну Борисову».
Дзятлаўскі валун быў чырвона-бурага колеру і важыў па падліках 24 тоны. Паводле легенды камень трымаўся на чатырох слупах, пад ім можна было прайсці чалавеку. Для навукі Рагвалодаў камень стаў вядомы ў канцы XVIII стагоддзя, пасля чаго стаў вывучацца гісторыкамі і краязнаўцамі. У пачатку XIX стагоддзя над валуном была пабудавана Барысаглебская царква, якая згарэла падчас нашэсця напалеонаўскіх войскаў у 1812 годзе.
Рагвалодаў камень быў узарваны ў 1934 годзе для патрэб будаўніцтва дарогі Масква – Мінск. Па сведчанні даследчыка Ю. Віцьбіча, у 1939 годзе вакол месца выбуху яшчэ знаходзіліся абломкі каменя, і на некаторых з іх можна было ўбачыць сляды надпісаў і крыжа. Была прапанова злучыць гэтыя аскепкі і зрабіць над імі музей. Але з часам рэшткі Рагвалодава каменя былі згублены, зараз робяцца спробы іх адшукаць. Па расказах старажылаў, каля месца, дзе знаходзіліся царква і камень, была крыніца са смачнай і чыстай вадой, а на могілках каля Дзятлава ў якасці надмагілляў выкарыстоўваліся і рэшткі Рагвалодава каменя.
Па фатаграфіях Рагвалодава каменя зроблены надпіс на паўтараметровым валуне, устаноўленым у 1998 годзе каля ўваходу ў Музей гісторыі і культуры г. Оршы.
ЛІТАРАТУРА
1. Культовые камни // Природные ресурсы и охрана окружающей среды г. Орша и Оршанского района / М. Ю. Калинин. – Минск : БЕЛСЭНС, 2008. – С. 110.
2. Лютынскі, В. Час збіраць камяні... / В. Лютынскі // Краязнаўчая газета. – 2015. – № 4 (студз.). – С. 5.
3. Пятрушын, В. Рагвалодаў камень / В. Пятрушын // Витебский курьер. – 1998. – 22 сент. – С. 3.
4. Рагвалодаў камень у Оршы // Культура. – 1998. – 12–18 верас. – С. 5.
5. Розов, А. Рогволодов камень / А. Розов. – Народнае слова – 1997. – 9 студз. – С. 6.
6. Ускова, Т. Таинственная монограмма сулит паломничество... / Т. Ускова // Белорусская нива. – 2011. – 15 окт. – С. 14.
СПАСЫЛКІ