Камень Сямігаюн. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 08.11.2018 15:17
3 даўніх часоў вядомы на Аршаншчыне камень Сямігаюн (або проста Гаюн), што месціцца на левым беразе Дняпра ў лесе за чыгуначным мостам.
Шанаванне Гаюна – ледавіковага валуна памерамі каля двух метраў, прыпадае на залатую восеньскую пару – 14 верасня. Дайшло да нас паданне, якое апавядае пра сямёра братоў, якія захварэлі ў Смаленску. Каб захаваць іншых гараджан ад небяспекі, смаляне выгналі братоў з горада. Зрабіўшы плыт, тыя паплылі ўніз па Дняпры. Не былі міласэрнымі да хворых таксама жыхары Дуброўны і Оршы. Баючыся распаўсюджання хваробы, яны надзейна зачынялі перад братамі гарадскія вароты. Аслабелыя, змораныя далёкім шляхам, браты вырашылі спыніцца ў векавым лесе на левабярэжжы ракі ніжэй Оршы.
Кароткі восеньскі дзень ужо блізіўся да вечара. Сярод невялікай паляны ля нагрэтага сонцам буйнога валуна браты зрабілі шалаш і, стомленыя, ляглі адпачываць. Прачнуліся яны сярод ночы ад страшэннага ветру. Пачынаў ліць халодны дождж. Але адбылося дзіва! Камень ля шалаша заставаўся сухім. Выпраменьваў ён нейкае прыемнае гаючае цяпло. Зыходзіла ад яго і неверагоднае блакітна-ружовае ззянне. Чуліся ціхія незразумелыя гукі. Прыгрэўшыся каля валуна, зноў заснулі браты. А раніцу сустрэлі яны ўжо здаровымі і моцнымі. Паводле падання, з тае пары нашы землякі гаілі ля гэтага каменя свае раны. Вылечваў валун і мноства хвароб. Прыгадваючы сямёра братоў, якія першымі адшукалі цудадзейны камень, пачалі зваць яго Сямігаюнам.
ЛІТАРАТУРА
1. Культовые камни // Природные ресурсы и охрана окружающей среды г. Орша и Оршанского района / М. Ю. Калинин. – Минск : БЕЛСЭНС, 2008. – С. 110.
2. Реестр памятников Оршанской старны. Орша // Оршанщина: памятники природы и старины : (топография и реестр объектов по состоянию на 2000 г.) / А. Н. Шинкевич. – Горки : Отдел культуры Горецкого райисполкома, 2001. – С. 36.
3. Шынкевіч, А. Камень Сямігаюн / А. Шынкевіч // Аршанская газета. – 2012. – 7 крас. – С. 6.
4. Шынкевіч, А. Культавыя камяні / А. Шынкевіч // Мой родны край – Аршаншчына : краязнаўчы зборнік / аўт.-склад.: Т. Вароніна, А. Шышкевіч. – Віцебск : Віцебская друкарня, 2000. – С. 48–51.