Камень Святы (Дзіравы). Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 05.03.2019 10:40
У ваколіцах вёскі Каптаруны, што на Лынтупшчыне, выяўлена шмат вялікіх камянёў, якія абвешчаны помнікамі прыроды. Сярод іх і Святы, або Дзіравы камень.
Ён ляжыць у лесе недалёка ад вёскі Каптаруны Пастаўскага раёна і вылучаецца не сваімі памерамі, хоць яны і даволі ўнушальныя (2,45 х 1,85 х 1,0 м), а дзіркай – конусападобным паглыбленнем з папярочнікам да 15 см і глыбінёй да 20 см. Валун мае культавае значэнне: мясцовыя жыхары пакланяліся яму на працягу стагоддзяў і да сённяшняга дня прыносяць да каменя ахвяраванні. У 1993 годзе там былі выяўлены савецкія грошы, беларускія «зайчыкі», літоўскія літы. Вада з дзіркі (а яна знаходзіцца там пастаянна) лічыцца гаючай: пры хваробах ёю абмываліся, прамывалі вочы. Раней падчас рэлігійных свят да каменя прыходзілі вернікі.
Гэты валун можа не толькі лячыць, але і караць. Вось якую трагічную гісторыю расказваюць мясцовыя жыхары. Сябравалі між сабой тры вясковыя падлеткі і любілі бавіць час каля таго Дзіравага каменя. Але ставіліся яны да яго не як да святыні, а як да звычайнай камлыгі: лазілі на яго, білі палкамі. Бацькі папярэджвалі дзяцей, пужалі магчымымі наступствамі, але свавольнікі не прыслухоўваліся і рабілі так, як ім хацелася.
Пакаранне было жудасным: ніхто з іх не дажыў і да трыццаці гадоў – усе паасобку, у розны час згарэлі ва ўласных хатах.
ЛІТАРАТУРА
1. Пракаповіч, І. Святы камень каля Каптарунаў / І. Пракаповіч // Пастаўскі край. – 2018. – 8 жн. – С. 4.