Гара Лысая. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 01.09.2020 16:22
Гара Лысая – рэспубліканскі ландшафтны геамарфалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.
Знаходзіцца на адлегласці 4 кіламетраў на паўднёвы захад ад Пастаў. Мае плошчу 0,04 км2 і вышыню 155 метраў над узроўнем мора. Абмежавана на захадзе і поўначы поймай ракі Спорыцы, на ўсходзе – лагчынай, на поўдні – шашой Паставы – Лынтупы.
Гара Лысая ўяўляе сабой адасобленае адносна невялікае ўзвышша, якое ўтварылася ў час апошняга зледзянення. Гэта тыповы марэнны ўзгорак, які мае ўнікальную правільную форму з пукатай вяршыняй і роўнымі павольнымі схіламі. Пры параўнальна невялікіх памерах (200х60 м) і адноснай вышыні 15 м, ён цудоўна выдзяляецца ў навакольным ландшафце, добра бачны з шашы Паставы – Лынтупы.
Схілы гары маюць нахіл да 15–18 градусаў, а з паўночнага захаду, дзе яе падмывае рака Спорыца, утварылася агаленне вышынёй 15 метраў і стромкасцю схілаў да 60 градусаў.
Складзены марэнны ўзгорак чырвона-бурымі марэннымі супяскамі і суглінкамі з пражылінамі шакаладных глін і невялікай колькасцю жвіру і галькі.
Гара Лысая – вельмі адметная форма марэннага рэльефу з узростам 20–17 тысяч гадоў, якая ўтварылася шляхам адкладання марэны ў целе ледавіка. Яна мае вялікае навуковае і гісторыка-этнаграфічнае значэнне. На думку вучоных, гара можа стаць апорным геамарфалагічным аб'ектам Пастаўшчыны і цікавым элементам турыстычных маршрутаў.
3 гарой звязаны легенды і паданні. Яна мае і другую назву – Чортава гара, як і мост праз раку Спорыцу, які таксама называюць Чортавым. Паводле легенды, на Лысай гары жыў чорт, а на мосце ён ладзіў свае «чортавы забавы». Да нядаўняга часу, пакуль мост быў драўляны, на ім нечакана правальваліся вазы, жывёла, тэхніка. У вайну ў багне патануў танк. Часта знікалі людзі.
ЛІТАРАТУРА
1. Гара Лысая // Ваколіцы Паставаў: помнікі прыроды, гісторыі і культуры з маршрутамі краязнаўчых вандровак / І. М. Пракаповіч. – Паставы : Сумежжа, 2004. – С. 8–10.
2. Магiльнiцкi, У. Гара Лысая / У. Магільніцкі // Пастаўскі край. – 2000. – 16 жн. – С. 3.