Крыніца Грамякі. Пастаўскі раён
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 05.03.2019 11:05
Крыніца пад назвай Грамякі знаходзіцца паблізу в. Сарокі Пастаўскага раёна каля р. Ласіца, на захад ад возера Вясновае.
Пра з'яўленне крыніцы існуе легенда. Раней на месцы крыніцы было балота. Побач з ім спынілася на пастой дружына. А маладому князю ўздумалася залезці ў гэтае балота – ці то да возера захацеў прабрацца, ці то чаго падалося. Вось і зацягнула яго. Дружына не змагла выратаваць яго. Каб выцягнуць цела, вырашылі перакрыць сцёк вады для таго, каб падняўся ўзровень вады і балота аддало сваю ахвяру. Але замест гэтага ўдарыў фантан чыстай вады, і, калі вада трапляла на воінаў, раны іх імгненна гаіліся, вярталіся сіла і здароўе. Тады стары князь звярнуўся з радаснай малітвай да Грамяка, язычніцкага бога Навальніцы, ад таго і назвалі крыніцу Грамякі. А цела маладога князя палічылі за ахвяру богу.
Таксама мяркуюць, што назва паходзіць ад шуму вады, які выдае крыніца.
Крыніца паходзіць на невялікае азярцо, дыяметрам каля дзесяці метраў, у якім б'юць каля дваццаці ключоў. Вада крыніцы мае бірузовае адценне. Тэрыторыя каля крыніцы акультурана – пабудаваны падыход да вады, маюцца альтанкі, лаўкі. Вада прэсная, сярод вернікаў лічыцца лячэбнай. Крыніца асвечана ў гонар лекара Панцеляймона і ставіцца да прыходу в. Ласіца. Малебен праходзіць штогод у другую суботу жніўня.
ЛІТАРАТУРА
1. Пішч, Г. Ля чыстага вытоку... / Г. Пішч // Пастаўскі край. – 2008. – 30 жн. – С. 3.
2. Скрабатун, У. Вадасвятны малебен святому вялікапакутніку і лекару Панцелеіману ля крыніцы Грамякі / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2013. – 15 жн. – С. 4.
3. Скрабатун, У. Вада сцюдзёная, гаючая! / У. Скрабатун // Вольнае Глыбокае. – 2014. – 14 жн. – С. 4.