Дэндрапарк Лужаснянскі. Віцебскі раён, г. п. Лужасна
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 26.03.2019 13:45
Лужаснянскі дэндрапарк закладзены ў 1974 годзе студэнтамі і выкладчыкамі Лужаснянскага сельскагаспадарчага тэхнікума (цяпер аграрны каледж) у гонар трыццацігоддзя вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нягледзячы на невялікі ўзрост, калекцыя парку можа скласці канкурэнцыю любому такому значна старэйшаму аб'екту ў нашай краіне.
Парк быў закладзены з мэтай стварэння на беразе Дзвіны зоны адпачынку для мясцовага насельніцтва. Ствараўся ён і з мэтай практычнага азнаямлення студэнтаў тэхнікума з узорамі мясцовай і іншаземнай флоры.
Парк размяшчаецца на правым беразе Дзвіны, у месцы ўпадзення ў яе ракі Лужаснянкі. Месца само па сабе вельмі маляўнічае. У старажытнасці тут было паселішча і зараз у вадзе знаходзяць рэчы, якія дайшлі да нас з сівой мінуўшчыны: каменныя сашнікі, фрагменты керамікі, косткі і іншыя. Плошча парку 8,8 гектара.
Кампазіцыйную аснову дэндрапарку складаюць 3 алеі (кляновая, лістоўнічная, ліпавая), якія разыходзяцца промнямі ад цэнтра парку. Тут насыпана горка і аформлены ракарый (месца, дзе высаджаны расліны, тыповыя для высакагор'яў). У планіроўцы спалучаюцца рэгулярны і ландшафтны стыль. Тэрыторыя размежавана на 9 секцый сцяжынкамі і алеямі (кляновай, ліпавай, лістоўнічнай, бярозавай і ясеневай).
У прамежках між алеямі дрэвы пасаджаны ў выглядзе невялікіх гайкоў (бярозавы, тапалёвы, арэхавы, рабінавы, глогавы і інш).
Дрэвы размяшчаюцца на некаторым аддаленні ад дарожак, а хмызнякі, як правіла, паміж групамі дрэў альбо каля сцежак, што зручна для агляду. Сапраўдным упрыгожваннем дэндрапарку з'яўляюцца ліянавыя расліны (розныя віды вінаграду, пяргола, дрэвагубец, капрыфоль, лунасямянік даурскі). Для іх у парку ўсталяваны металічныя апоры.
30 лістапада 1994 г. парк быў аб'яўлены помнікам прыроды мясцовага значэння.
Парк знаходзіцца на высокім беразе Дзвіны, што выглядае вельмі прывабліва. 3 высокага берагу адкрываецца прыгожы выгляд далёка ўздоўж па рацэ.
Заснавальнікам дэндрапарку стаў выкладчык тэхнікума М. Т. Ражкоў. Звязваючыся з батанічнымі садамі БССР, найбуйнейшымі і вядомымі садамі СССР (Ленінградскім, Маскоўскім, Нікіцкім (Крым), нават з Далёкага Усходу) ён змог стварыць гэтую калекцыю. Жывая калекцыя драўнінна-хмызняковых раслін – галоўны гонар дэндрапарку. На пачатак 1997 года тут налічвалася больш за 250 відаў, разнавіднасцей драўнінна-хмызняковых і 32 віды кветкавых шматгадовых раслін. Тут растуць дрэвы, якія з'яўляюцца звычайнымі для нашых месцаў: бяроза барадаўчатая, ліпа мелкалістая, клён востралісты, вольха шэрая, вяз звычайны, розныя віды чубушніку (язміну) і іншыя.
У парку расце шмат цікавых хваёвых раслін: кедравыя хвоі, цісы, елкі, розныя разнавіднасці ядлоўцу, туі. 3 ліставых парод тут растуць розныя віды арэхаў, арабін, граб, скумпія, ліпы, барбарысы, бразгліны і інш.
Ёсць і незвычайныя, «заморскія» дрэвы – дзёран, свядрэна, корнус, яліна канадская, арэх валошскі, маньчжурскі, чорны, шэры, Зібальта. Расце бук, якога ў наш час на тэрыторыі Беларусі няма, хаця ў сярэднявеччы ён быў распаўсюджаны ў нашым краі. Ёсць і віды, занесеныя ў Чырвоныя кнігі Беларусі, былога СССР: піхта белая, аксаміт амурскі (коркавае дрэва). Ёсць пасадка шаўкавіцы белай, якая лічыцца самай паўночнай у рэспубліцы (да гэтага часу такой лічылася плантацыя Віцебскага батанічнага саду).
Пры парку створаны калекцыйны пітомнік для папаўнення, рамонту пасадак і азелянення тэрыторыі. Дарэчы, кедры, плакучыя ясені, бэз персідскі і іншыя незвычайныя віды дрэў і кустоў растуць не толькі ў дэндрарыі, але і па ўсёй тэрыторыі пасёлка.
Асабліва прыгожым дэндрапарк бывае вясной, у перыяд цвіцення, і ўвосень, у пару бабінага лета.
ЛІТАРАТУРА
1. Казакевіч, З. Райскі сад можам з лёгкасцю страціць / З. Казакевіч // Народнае слова. – 2006. – 29 ліп. – С. 5.
2. Лешко, Г. А. Лужеснянский дендропарк как объект экологического воспитания молодежи / Г. А. Лешко // Биологическое разнообразие Белорусского Поозерья: современное состояние, проблемы использования и охраны : материалы II Международной научно-практической конференции, Витебск, 19–21 ноября 2008 г. / Витебский государственный университет имени П. М. Машерова, Витебский областной комитет природных ресурсов и охраны окружающей среды ; редкол.: А. М. Дорофеев [и др.]. – Витебск, 2008.– С. 154–156.
3. Лужаснянскі дэндрапарк // Віцебскі раён : краязнаўчыя нарысы / І. А. Абрамава [і інш.] ; уклад. М. В. Півавар. – Мінск : Паркус плюс, 2008. – С. 48–51.
4. Пастернак, Т. Дендропарк на... обочине // Народнае слова. – 2009. – 23 чэрв. – С. 5.
5. Экскурсія ў Лужаснянскі дэндрапарк // Пивовар, Н. В. Туристско-краеведческие походы и экскурсии в окрестностях Витебска / Н. В. Пивовар. – Витебск : Вит. отд. ОО «Фонд им. Льва Сапеги», 2002. – С. 63–65.