Вал Івана IV Грознага. Полацкі раён, г. Полацк
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 04.07.2019 10:39
Вал Івана IV Грознага знаходзіцца ўздоўж вуліц Фрунзе, Горкага, Замкавага завулка, на левым беразе ракі Палата. Быў умацаваннем Ніжняга замка, абмяжоўваў яго з паўднёвага і ўсходняга бакоў, з паўночнага ўсходу прымыкае да Верхняга замка. Захаваўся часткова, даўжыня каля 400 м, шырыня 30 м, вышыня 7–10 м.
Першыя пісьмовыя звесткі аб Ніжнім замку, так званай Стралецкай крэпасці, адносяцца да часоў Лівонскай вайны 1558–1583 гг., калі Полацк быў узяты рускімі войскамі (1563). Магчыма, у гэты час і быў насыпаны вал. Лічыцца, што пры яго пабудове выкарыстаны рэшткі валоў больш ранняга вакольнага горада, які існаваў тут побач з дзяцінцам (Верхнім замкам).
Паводле плана 1579 года С. Пахалавіцкага на вале было 9 вежаў (Наўгольная, Невельская, Ільінская, Міронаўская, Варвары і інш.). Паводле апісання, зробленага ў 1654–1655 гг., даўжыня ўмацаванняў Ніжняга замка складала 863 сажні.
ЛІТАРАТУРА
1. Вал Івана IV Грознага // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і. інш.]. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1985. – С. 339.
2. Маніс, Н. Гістарычныя помнікі Полацка / Н. Маніс // Віцебскі рабочы. – 1958. – 5 жн. – С. 2.
3. Пальцев, А. Вал Ивана Грозного / А. Пальцев // Химик (Новополоцк). – 2002. – 26 марта. – С. 2.
4. Пальцев, А. Вал Ивана Грозного / А. Пальцев // Новая газета (Наваполацк). – 2004. – 6 авг. – С. 7.