Дуб-волат Сітцаўскі. Докшыцкі раён
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 13.08.2019 16:38
Унікальны дуб расце на тэрыторыі Сітцаўскага парка. З 1963 года ён мае статус батанічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння. Яго вышыня – 26 метраў, дыяметр ствала – 2 метры, ствол у абхопе – 6 метраў, узрост – звыш 500 год. Уражвае сваім размахам велічная крона, дыяметр якой з поўначы на поўдзень складае 28 метраў, а з захаду на ўсход – 27 метраў. Дуб з'яўляецца ўпрыгожваннем парка, сімвалізуе стойкасць і моц, стабільнасць і размеркаванасць жыццёвага шляху.
За шматгадовую гісторыю пад яго кронай адбылося многа трагічных і радасных падзей. Паводле народнага падання, пад дубам адпачываў нацыянальны герой Беларусі і Польшчы Тадэвуш Касцюшка.
Пад кронай магутнага прыгажуна адзначаў сваё пяцідзесяцігоддзе народны артыст СССР і БССР Фёдар Шмакаў. Пад ім адпачываў Рыгор Шырма, выконваў свае творы тады яшчэ малады кампазітар Ігар Лучанок. У творах Івана Мележа, Міхася Калачынскага ёсць радкі, прысвечаныя сітцаўскуму дубу. Помніку прыроды прысвечана «Балада пра дуб саўгаса Сітцы» народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі.
Вобраз шматвяковага дуба даўно стаў знакам Сітцаўскага сельсавета. У 2017 годзе менавіта яго выява ўпрыгожыла пано, пададзенае вяскоўцамі на «Фестываль двух рэк». Велічны дуб заняў ганаровае месца ў цэнтры шматмятровай кампазіцыі.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. Свидетель седой старины / Д. Берникович // Витебские вести. – 2017. – 21 дек. – С. 21.
2. Палачанін, Ф. Паркавыя таямніцы / Ф. Палачанін // Краязнаўчая газета. – 2011. – № 41 (лістап.). – С. 4.
3. Лукьянова, Н. По примеру садовников пана Дамейки / Н. Лукьянова // Народнае слова. – 2009. – 7 крас. – С. 3.
4. Рамантычная казка Докшыцкага краю // Народная газета. – 2009. – 17 кастр. – С. 15.
5. Сакалоўская, І. Сітцаўскі шляхціч-прыгажун / І. Сакалоўская // Витебские вести. – 2013. – 30 нояб. – С. 8.
6. Ситцевский дуб-великан // Природа Белоруссии : популярная энциклопедия / редкол.: И. П. Шамякин [и др.]. – 2-е изд. – Минск : БелСЭ, 1989. – С. 583.