Сцёп-камень. Докшыцкі раён
- Подробности
- Створана 08.11.2018 15:23
- Адноўлена 13.08.2019 16:35
Адной з асаблівасцей Докшыцкага раёна з'яўляецца тое, што праз яго пралягае Галоўны Еўрапейскі водападзел, які размяжоўвае басейны рэк Балтыйскага і Чорнага мораў. У дадзеным выпадку ён падзяляе басейны рэк Бярэзіна (прыток Дняпра) і Вілія (басейн Нёмана). У паласе водападзела, паміж вёскамі Краснікі (за 3,5 км на поўнач ад вёскі) і Жамойск, у густых лясах у наваколлі Бягомля недалёка ад Акулінінай сасны, са спрадвечных часоў знаходзіцца незвычайны камень – гранітны валун Сцяпан ці Сцёп-камень.
Сцёп-камень, ахінуты духам беларускага сялянскага побыту і народных легенд, дае магчымасць дакрануцца да гісторыі беларускіх павер'яў. З паходжаннем дадзенага прыроднага аб'екта звязана некалькі легенд. Усе яны маюць некаторыя розначытанні, але толькі ў дэталях. Што да галоўнай падзеі, неверагоднага ператварэння мясцовага жыхара Сцяпана ў камень, то тут усе крыніцы згоднены, быў такі выпадак.
Па адной з легенд, калісьці ў вёсцы Шыленцы жыў кравец Сцяпан. Слынны быў майстра, карыстаўся пашанай і жыў заможна. Але не было ў яго жонкі-красуні. Шмат было прыгожых дзяўчат, гатовых выйсці за яго замуж, ды сэрца яго было палонена іншай. Звалі яе Ульяна або Вяльяна. За прыхільнасць дзявочую задумаў Сцяпан аддаць нячысціку сваю душу. Нячысцік, акрамя душы, запатрабаваў яшчэ, каб хлопец разбіў каменем свой крыжык. Але як толькі ўзняў Сцяпан руку з каменем, каб разбіць крыжык, у той жа момант сам ператварыўся ў камень. Як дачулася Вяльяна, што стала з яе любым, абняла рукамі камень, прыпала да яго і залілася горкім плачам. Са слёз яе з-пад каменя прабілася крыніца і разлілася па ваколіцах, ператварыла лагчыну ў непралазнае балота, і паплыла ў свет празрыстай рэчкай. Рэчку гэтую спачатку празвалі ў памяць пра Вяльяну Вельяй, а пазней гэтая назва стала гучаць як Вілія.
Па іншай версіі падання, пасля таго, як Сцяпан ператварыўся ў камень, адбыўся цуд. Трэба было толькі ўвечары пакласці на валун кавалак тканіны і папрасіць: «Сцяпан, пашый каптан!», як зранку можна было забіраць гатовае адзенне. Удзячныя людзі пакідалі ўзамен каля каменя хлеб, соль, лён. Забірала ўсё гэта Ульяна (удава Сцяпана) і карміла-апранала дзяцей. Але аднойчы жартаўнік папрасіў яму пашыць «ні тое ні сёе». Камень пакрыўдзіўся і перастаў шыць. Даведалася пра гэта Ульяна, прыбегла ў поле, упала на камень і доўга плакала. Але камень маўчаў. Слёзы ж Ульяны збіраліся ў ручаі, раку. 3 таго часу і сталі называць раку Вулля або Вялля (Вілія).
Наступнае паданне менш рамантычнае. Запісана яно ў вёсцы Краснікі. Згодна яму, вырашыў аднойчы на Вялікдзень Сцяпан узараць зямлю. У абед жонка Акуліна прынесла паесці. Пакуль Сцяпан сілкаваўся, жонка яго папракала. Яны і пасварыліся. Адыходзячы, Акуліна кінула: «Каб ты каменем узяўся!» Сцяпан ёй у адказ: «Каб ты Кулінай стала!» Жонка пайшла дахаты, а Сцяпан падаўся да валоў. Але як толькі ўзяўся ён за плуг, усё адразу скамянела: і Сцяпан, і валы, і нават два збанкі. Так і ляжаць камяні з таго часу ў адным месцы. У тое імгненне, калі Сцяпан ператварыўся ў камень, яго жонка зрабілася хвояй, якую празвалі Кулінай.
Рака Вілія не пачынаецца непасрэдна ад Сцёп-каменя, а за колькі кіламетраў ад яго. Цяжка сказаць без геалагічных даследаванняў, дзе быў яе выток у старажытныя часы, сотні ці тысячы гадоў назад. Магчыма, народныя паданні якраз і данеслі да нас памяць пра першапачатковае месцазнаходжанне вытока гэтай ракі.
Пры абследаванні Сцёп-каменя ў 1993 г. было ўстаноўлена, што ён складзены з ружовага буйназярністага граніту і, відаць, прынесены ледавіком з поўдня сучаснай Фінляндыі або поўначы Ленінградскай вобласці каля 150 тыс. гадоў таму. Вышыня каменя над акаляючай паверхняй была 1,96 м. З паўднёвага боку яго ўверсе былі высечаны крыж «з Галгофай», а лявей і трохі ніжэй – звычайны крыжык (крыжы пасля прыняцця хрысціянства нярэдка выбіваліся на культавых каменях, якім раней пакланяліся язычнікі, з мэтай «памяняць» іх ідэалагічную прыналежнасць). У час раскопак выявілася, што сапраўдная вышыня Сцёп-каменя, разам са схаванай у зямлі часткай, складае 2,68 м, максімальная шырыня – да 1,3 м, таўшчыня – каля 0,9 м. За 4 м на паўднёвы захад ад яго ў неглыбокай западзіне ляжыць, уздымаючыся на 0,5 м над зямлёй, валун даўжынёй 2,4 м і шырынёй каля 1,8 м. Гэты валун у народзе лічаць скамянелымі валамі Сцяпана.
У выніку раскопак выявілася, што пад дзірваном вакол Сцёп-каменя налягае супесь цемна-шэрага колеру магутнасцю каля 0,1–0,12 м, у якой адсутнічалі знаходкі. Глыбей ішоў пласт жоўта-рудой супесі магутнасцю каля 0,3–0,4 м. У многіх месцах раскопа трапляліся невялікія валуны і асколкі камянёў. У мацерыку прасочана яма ад слупа, у якой, магчыма, калісьці стаяў драўляны ідал.
ЛІТАРАТУРА
1. Зайкоўскі, Э. Ля вытокаў Віліі / Э. Зайкоўскі // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 34–36.
2. Кавалеўская, Л. Акулiнiна сасна i Сцеп-камень / Л. Кавалеўская // Родныя вытокi (Докшыцы). – 1998. – 22 крас. – С. 3.
3. Лазар, М. Я. Мой родны кут / М. Я. Лазар // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1971. – № 3. – С. 59.
4. Сцёп-камень // Маўклівыя сведкі мінуўшчыны / Э. А. Ляўкоў. – Мінск : Навука і тэхніка, 1992. – С. 135–140.
5. Рамантычная казка Докшыцкага краю // Народная газета. – 2009. – 17 кастр. – С. 15.