Чортаў камень. Сенненскі раён, в. Вароніна
- Подробности
- Створана 23.09.2019 15:23
- Адноўлена 23.09.2019 10:09
Паводле даследаванняў гэты кавалак скалы з шэра-ружовага граніту «споўз» да нас тысячы гадоў таму з чарговай хваляй ледавіка з ваколіц Выбарга каля Санкт-Пецярбурга.
«Чортаў камень» («Кравец») мае статус помніка прыроды рэспубліканскага значэння і ахоўваецца дзяржавай. Яго даўжыня складае 10,2 м, шырыня – 6 м, вышыня – 4 м, вага – 340 тон.
У першай палове ХХ стагоддзя камень мог быць страчаны. Са старажытнасці падобныя камяні заўсёды шанаваліся людзьмі, да іх прыносілі ахвяраванні. Старадаўнія вераванні захоўваліся і пасля рэвалюцыі 1917 года, але новай уладзе яны былі не даспадобы. Быў знішчаны Барысаў камень, які знаходзіўся каля в. Высокі Гарадзец. На валуне быў надпіс на царкоўна-славянскай мове. Дайшла чарга і да Чортавага каменя. Актывістаў спыніў здаровы розум: вакол было шмат вёсак, і аскепкі ад валуна-гіганта маглі нанесці вялікія страты.
Валун лічылі домам нячысціка, які быў здольны да кравецкай справы. Згодна з паданнем людзі клалі на камень палатно і грошы, а назаўтра забіралі гатовае адзенне. Таму ён таксама меў назву «Кравец». Чорт жыў пад каменем, дзе бруіцца крыніца, але часта сядзеў на паверхні. Пасярод валуна нават ёсць выемка, падобная на своеасаблівае крэсла. Кажуць, што калі ў яго сядзеш, то праваруч можна намацаць адбіткі нажніц, іголак і манет. Мясцовы чорт адрозніваўся тым, што добра ставіўся да людзей. Але не любіў п'яніц і часта здзекаваўся з мужчын, якія нападпітку ехалі з карчмы. Падвядзе да каменя, а небарака думае, што дабраўся да ўласнай печы: распранаецца і кладзецца спаць.
Невядома, калі «Кравец» пашыў апошнюю кашулю ці кажух. Можа да таго моманту, калі тыя ж мужчыны захацелі памерыць дно чортавай дрыгвы: звязалі дзве вялізныя жардзіны і пачалі торкаць у багну. Да дна так і не дасталі, а вось уладальнік каменя, відаць, пакрыўдзіўся, што патрывожылі яго жытло і прычыніў «атэлье». Па другой версіі, аднойчы жанчына папрасіла чорта пашыць ні тое, ні сёе.
Камень ляжыць на беразе ракі Абалянкі. Недалёка ад каменя знаходзіцца Змяіная гара. Паданне сведчыць, што яе назва звязана з наступнай гісторыяй. У ваколіцах часта з'яўляўся змей, які краў дзяўчат, а чорт з ім варагаваў. У цёмны час сутак сапернікі рэгулярна біліся. Аднойчы паядынак зацягнуўся на тры ночы. Калі чорт знямог, то ўзброіўся іголкай і трапіў ворагу ў вока. Змей зароў ад болю. Тады нячысцік адрэзаў яму язык. Хутка пачвара памерла, а знясілены чорт дапоўз да каменя, скокнуў у дрыгву і больш не з'яўляўся. Днём прыйшлі сяляне, убачылі забітага змея. Яны баяліся да яго дакрануцца і пачалі засыпаць зямлёй. Так атрымалася гара з характэрнымі абрысамі, дзе зараз улетку расце шмат суніц і адкуль адкрываюцца цудоўныя мясцовыя краявіды.
Да Чортавага каменя вядзе алея з маладых соснаў. Мясцовымі ўладамі была ўстаноўлена альтанка.
ЛІТАРАТУРА
1. Гарбачова, І. Чортаў камень / І. Гарбачова // Мы і час (Віцебск). – 2009. – 30 кастр. – С. 4.
2. Кавалеўскі, С. Варонінскі валун / С. Кавалеўскі // Народнае слова. – 2011. – 24 верас. – С. 4.
3. Кавалеўскі, С. Магутны прышэлец / С. Кавалеўскі // Витебские вести. – 2015. – 14 мая. – С. 15.
4. Лазоўская, Б. Чортаў камень / Б. Лазоўская, В. Фёдараў // Рэспубліка. – 2004. – 27 кастр. – С. 5.
5. Яўгенаў, А. Чортаў камень: паданні на новы лад / А. Яўгенаў // Голас Сенненшчыны. – 2015. – 7 лют. – С. 5.
СПАСЫЛКІ