Камень Сырны Расонскі. Расонскі раён
- Подробности
- Створана 02.07.2019 15:23
- Адноўлена 07.04.2020 11:48
«Сырны камень» знаходзіцца ў лесе за 2 км на паўднёвы ўсход ад в. Малюціна і за 4 км ад аг. Краснаполле недалёка ад воз. Белае.
Валун ляжыць на вяршыні марэнавай грады. Камень складаецца з чырвона-бурага граніту з уключэннем крышталя палявога шпату ў выглядзе аблямоўкі памерамі ад 1 да 4 см, зерняў малочна-белага кварца.
На думку даследчыкаў, на гэтае месца валун быў прынесены ледавіком прыкладна 20–18 тысяч гадоў таму назад, у часы паазёрскага абледзянення, з паўднёва-заходняй Фінляндыі.
Валун транспартаваўся вялізнай камлыгай лёду.
Камень мае форму, падобную на цэглу. Даўжыня – 2,1 м, вышыня – 0,85 м, абвод – 8,1 м, вага – 15 тон.
Згодна з легендай, раней на гэтым месцы было паселішча. На валуне адціскалі сыры. Легенда была вядома ва ўсіх навакольных вёсках. Гэта адзіны «сырны камень» у Беларусі.
Па іншых павер'ях лічыцца, што «некалі цмок ляцеў з золатам і серабром да грэшнікаў. Раптам неба раскалолася, цмок упаў і ператварыўся ў камень, а скарбы апынуліся ў зямлі пад ім. Яны ляжаць і зараз, але ўзяць іх зможа толькі той, хто сядзе на камень і тры разы свісне». Гэта павер'е не вельмі распаўсюджана.
У мінулым часе камень лічыўся зачараваным і меў вялікае культавае значэнне для продкаў.
У жніўні 2002 года пры дапамозе магутнай тэхнікі «сырны камень» быў перавезены ў Дрэтунскае лясніцтва для ўпрыгожвання тэрыторыі перад адміністрацыйным будынкам.
Геалагічны помнік «Сырны камень Расонскі» ахоўваецца законам. Ён быў вернуты на ранейшае месца.
ЛІТАРАТУРА
1. Познай Россонщину : туристический путеводитель / [фото: П. А. Чимковский, Д. Н. Шамович]. – Новополоцк : О. И. Молодечкин, 2012. – 23 с.
2. Скоп, В. Сырны камень вярнулі на месца / В. Скоп // Голас Расоншчыны. – 2002. – 22 лістап. – С. 3.
3. Шыёнак, В. Шатанскі камень Расонскі / В. Шыёнак // Віцьбічы = Витьбичи. – 2010. – 18 сент. – С. 5, 11.
СПАСЫЛКІ