Камень вялікі Бертаўшчынскі. Мёрскі раён
- Подробности
- Створана 17.09.2020 15:23
- Адноўлена 17.09.2020 11:14
Бертаўшчынскі вялікі камень знаходзіцца за 14 км на паўднёвы захад ад г. Мёры ва ўрочышчы «Бертаўшчына» на поўдзень ад дарогі з Ліпавай выспы і далей на в. Дзегцяры, паміж безыменным возерам на поўначы і воз. Чорнае на паўднёвым захадзе.
Упершыню ён быў згаданы ў 1893 годзе Ф. Пакроўскім у «археалагічнай карце Віленскай губерні», у 1989 годзе вывучаўся геолагамі Э. Ляўковым, У. Вінакуравым і А. Карабанавым.
Камень прынесены ледавіком 18–20 тыс. гадоў таму падчас Паазерскага абледзянення з Выбаргскага масіву ў Ленінградскай вобласці Расіі. Ружовы граніт «рапаківі» з утрыманнем крышталяў ружовага палявога шпату ў выглядзе авоідаў папярэчнікам 2–11 см. Абсалютная вышыня над узроўнем мора 160 м, бачная вышыня 1 м, даўжыня 4,4 м, шырыня 4,3 м, абвод 13,3 м, аб'ём 10 м3, вага 26,6 т. Форма прасападобная. Аброс імхамі і лішайнікамі. Мае паглыбленне 0,5 на 0,7 м і глыбінёй 15 см. Вада, што збіраецца ў гэтым паглыбленні, лічыцца карыснай для здароўя.
Пра камень ёсць некалькі паданняў. Кажуць, што на ім у 1812 годзе абедалі французы, а на Купалле да яго прыходзіла моладзь і танцавала (змяшчаў адначасова 12 пар).
Ахоўны статус помніку прыроды нададзены ў 2000 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Ведай свой край // Сцяг працы (Міёры). – 2000. – 16 мая. – С. 2–3.
2. Каралёў, В. І камяні гавораць / В. Каралёў // Сцяг працы (Міёры). – 1991. – 24 верас. – С. 3.
3. Миорский район // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 19–20.