Камень вялікі Гір'яцкі. Мёрскі раён
- Подробности
- Створана 17.09.2020 15:23
- Адноўлена 21.09.2020 10:07
Гір'яцкі вялікі камень знаходзіцца побач з балотам на ўскрайку лесу за 1 км на паўночны захад ад в. Гір'яты, за 5 км на паўночны ўсход ад г. Мёры і на вышыні 145 м над узроўнем мора.
Гір'яцкі вялікі камень прынесены ледавіком 18–20 тыс. гадоў таму назад з Выбаргскага масіву ў Ленінградскай вобласці. 3 ружавата-бурага граніту «рапаківі», які ўтрымлівае крышталі палявога шпату ў выглядзе авоідаў памерам 0,5–4 см у папярочніку з алігаклазавай аблямоўкай, шэрага кварцу ў выглядзе зерняў 0,2–1,5 см, цёмнаколерных мінералаў (біятыт). Зарос імхамі і лішайнікамі. Прасападобнай формы.
Раней ён лічыўся не самым вялікім: даўжыня 3,65 м, шырыня 3,35 м, вышыня 1,45 м, абвод 10,2 м, аб'ём 9,4 м3, вага 24,9 т. Але ў 2018 годзе падчас будаўніцтва металапракатнага завода ў Мёрскім раёне было зроблена нечаканае адкрыццё. Калі распрацоўвалі кар'ер недалёка ад в. Гір'яты, вакол геалагічнага помніка прыроды знялі грунт, аказалася, што камень амаль у тры разы больш, чым лічылася раней. Высветлілася, што даўжыня яго не менш 9,2 м, вышыня – каля 4 м, а шырыня – амаль 5 м. Вымярэнні прыблізныя, дакладна абмераць яго не ўдалося.
На сённяшні дзень на тэрыторыі Мёрскага раёна Гір'яцкі вялікі камень – гэта самы вялікі валун.
Ахоўны статус помніку прыроды нададзены ў 2000 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Ведай свой край // Сцяг працы (Міёры). – 2000. – 16 мая. – С. 2–3.
2. Дучыц, Л. У. Легендарныя камяні / Л. У. Дучыц // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 39–40.
3. Матэленак, Л. Усім валунам на зайздрасць / Л. Матэленак // Міёрскія навіны. – 2018. – 20 лістап. – С. 4.
4. Миорский район // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 19–20.