Камень вялікі Лупаўшчынскі. Мёрскі раён
- Подробности
- Створана 17.09.2020 15:23
- Адноўлена 21.09.2020 09:34
Лупаўшчынскі вялікі камень мае прасападобную форму. Знаходзіцца ля в. Лупаўшчына (за 100 м на поўнач ад паўночнага ўскрайку, на першай надпоплаўнай тэрасе левага берага р. Вята). Размешчаны за 1,5 км на ўсход ад в. Павяцце і за 10 км на паўночны ўсход ад г. Мёры на вышыні 133,7 м над узроўнем мора.
Даўжыня 4,2 м, шырыня 3 м, вышыня 2,15 м, абвод 11,6 м, аб'ём 14,4 м3, вага 38,1 т. Камень прынесены 18–20 тыс. гадоў таму назад падчас Паазерскага абледзянення са Скандынавіі: ружовы пегматытавы граніт, які ўтрымлівае шмат крышталяў блакітна-шэрага кварцу ў выглядзе зерняў (0,2–1 см), жылкаў (таўшчынёй да 5 см) і гняздоўяў (да 30x30 см), а таксама крышталяў цёмнаколерных мінералаў (біятыт). Парос імхамі і лішайнікамі.
Раней да яго людзі прыходзілі маліцца. Магчыма, таму і высеклі прыступкі дзеля ахвярапрынашэння.
Ахоўны статус помніку прыроды нададзены ў 2000 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Ведай свой край // Сцяг працы (Міёры). – 2000. – 16 мая. – С. 2–3.
2. Дучыц, Л. У. Легендарныя камяні / Л. У. Дучыц // Памяць: Міёрскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. М. Маняк [і інш.] ; уклад. Л. А. Матэленак ; рэд. В. І. Марціновіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Беларуская навука, 1998. – С. 39–40.
3. Миорский район // Особо охраняемые природные территории Витебской области = Асабліва ахоўныя прыродныя тэрыторыі Віцебскай вобласці = Specially protected natural territories of the Vitebsk region : [информационный сборник] / [сост. Г. Горланов]. – [Б. м.] : [Б. и.], [Б. г.]. – С. 19–20.