Парк герояў. Аршанскі раён, г. Орша
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 18.10.2018 15:26
Мемарыяльны парк герояў знаходзіцца ў раёне вуліц Леніна, Першамайскай і Шаўчэнкі. Закладзены ў 1966 годзе на ўшанаванне памяці савецкіх воінаў, партызан і падпольшчыкаў, жыхароў Оршы і Аршанскага раёна, якія загінулі ў Вялікую Айчынную вайну.
У цэнтры парку насыпаны Курган Славы, каля падножжа якога гарыць Вечны агонь. Аршанскі курган – адзін з першых курганоў, які насыпаны пасля Вялікай Айчыннай вайны ў гонар воінаў-вызваліцеляў. У гонар закладкі Кургана 16 красавіка 1966 года адбыўся 10-тысячны мітынг гараджан. У аснове Кургана ў герметычнай скрынцы быў змешчаны ліст нашчадкам: «Мы, жыхары горада Оршы, у 21-ю гадавіну Перамогі над фашысцкай Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне ўзвялі гэты Курган Бессмяротнасці ў памяць пра тых, хто апынуўся мацней агню і сталі, хто аддаў сваё жыццё за нас усіх, за свабоду і незалежнасць Радзімы».
Аўтарам праекта помніка з'яўляўся галоўны архітэктар горада, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Георгій Кірылавіч Гаранскі.
Да Кургана вядзе шэсць алей. Пяць з іх названы імёнамі Герояў Савецкага Саюза: К. С. Заслонава, М. Лефеўра, С. М. Міты, Г. А. Нікандравай і Ю. В. Смірнова, шостая – алея Невядомага салдата. У ёй ўвекавечана памяць тых, хто назаўсёды застаўся безназоўным салдатам. На схіле Кургана – пяціканцовая зорка і мемарыяльная пліта.
9 мая 2014 года адбылося ўрачыстае адкрыццё помнікаў «Дывізіённая гармата Д-44» і «Танк Т-72» у Парку Герояў.
ЛІТАРАТУРА
1. Лебедева, О. Пятый символ Победы / О. Лебедева // Витебские вести. – 2016. – 22 дек. – С. 23.
2. Лютынскі, В. Захаваць для нашчадкаў / В. Лютынскі // Звязда. – 2015. – 25 сак. – С. 4.
3. Лютынскі, В. Курган Бессмяротнасці / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 22 янв. – С. 7.
4. Лютынскі, В. Курган Бессмяротнасці / В. Лютынскі // Телеком-экспресс (Орша). – 2014. – 15 мая. – С. 20, 29.
5. Мемарыяльны парк герояў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 92.
6. Слепцов, С. В Орше установили танк Т–72 / С. Слепцов // Телеком-экспресс (Орша). – 2017. – 4 янв. – С. 22.