Комплекс мемарыяльны «Рыленкі». Дубровенскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 06.12.2018 16:24
Знаходзіцца на 467-м кіламетры аўтамагістралі Масква – Брэст, за 1 км на поўнач ад вёскі Рыленкі Дубровенскага раёна.
Узведзены на брацкіх могілках, дзе пахаваны 35 тыс. воінаў 30-й гвардзейскай стралковай дывізіі 10-й гвардзейскай арміі Заходняга фронту, 84-й гвардзейскай і 331-й стралковых дывізій 31-й арміі 3-га Беларускага фронту, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мемарыяльны комплекс адкрыты 3 ліпеня 1973 года (скульптар М. Рыжанкоў, архітэктар М. Ткачук; бетон, сілумін; памеры стэл 2,6х4 м, уваходнага партала 3x15 м).
Займае вялікую плошчу і размешчаны перпендыкулярна да транспартнай магістралі. Уяўляе сабой прасторавую архітэктурна-скульптурную кампазіцыю з развітым сіметрычна-восевым планіровачным вырашэннем. Уваход у мемарыял утвораны 2 рознымі па велічыні апорнымі сценкамі, якія нясуць манументальны рэльефны фрыз з выявай суровых і мужных твараў савецкіх воінаў. На сценках бронзавымі літарамі надпіс: «Тут 10 тысяч гераічна загінуўшых савецкіх салдат. Чэрвень 1944 г.».
Уздоўж дарогі, якая вядзе да могілак, пастаўлены 4 бетонныя стэлы з урэзанымі ў іх сілумінавымі рэльефамі, якія адлюстроўваюць подзвігі герояў, што былі здзейснены на гэтай зямлі. Першая кампазіцыя прысвечана подзвігу Героя Савецкага Саюза Ю. Смірнова, якога фашысты распялі на сцяне бліндажа, другая – А. М. Васільеву, што паўтарыў подзвіг А. М. Матросава, трэцяя – подзвігу Героя Савецкага Саюза Г. А. Нікандравай, якая падняла байцоў у атаку.
Пра мужнасць лётчыкаў авіяпалка «Нармандыя – Нёман» С. Астахава і Бруна дэ Фальтана, што загінулі ў адным самалёце, расказвае чацвёртая экспазіцыя.
Брацкія могілкі вырашаны ў выглядзе прамавугольных тэрас. На верхняй – маляўнічая група бяроз і ёлак, абнесеная з 3 бакоў брустверам. Па перыметры тэрас раўнамерна ўстаноўлены 170 надмагільных пліт з імёнамі загінуўшых воінаў. Завяршаецца комплекс плітой-маналітам з надпісам «Подзвігі вашы неўміручыя». На пляцоўцы перад плітой – квадратная платформа, у барэльефнай зорцы – Вечны агонь.
ЛІТАРАТУРА
1. Ивченко, Л. Вернулся спустя десятилетия / Л. Ивченко // Витебские вести. – 2013. – 5 ліп. – С. 2.
2. Кулакоў, Ф. Свяшчэнны агонь памяці / Ф. Кулакоў // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2003. – 2 ліп. – С. 2.
3. Лабука, К. Светлая памяць не памеркне / К. Лабука // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2010. – 20 лют. – С. 2.
4. Лебедева, О. Без границ и расстояний / О. Лебедева // Витебские вести. – 2016. – 7 мая. – С. 7.
5. Мемарыяльны комплекс «Рыленкі» / тэкст Ф. С. Кулакова ; фота: А. Ф. Дзмітрыева [і інш.] ; рэд. І. Д. Крымава ; маст. У. П. Табушаў. – Мінск : Беларусь, 1979. – 32 с.
6. Мемарыяльны комплекс «Рыленкі» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 267–268.
7. Слепцов, С. Помним и чтим / С. Слепцов // Телеком-экспресс (Орша). – 2009. – 7 мая. – С. 3.
8. Холадава, І. П. На плітах прозвішчы гараць / І. П. Холадава // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. – 1981. – № 1. – С. 14–15.
9. Чапялова, Л. Даніна памяці і справа нашага гонару / Л. Чапялова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2010. – 23 чэрв. – С. 1–3.
10. Шкіндзер, П. Паклонімся іх подзвігу / П. Шкіндзер // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2001. – 24 сак. – С. 3.
11. Шурпакова, С. «Рыленки» – 40 лет / С. Шурпакова // Дняпроўская праўда (Дуброўна). – 2013. – 2 ліп. – С. 1.