Комплекс мемарыяльны ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам. Верхнядзвінскі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 10.01.2019 10:13
Мемарыяльны комплекс знаходзіцца за 0,3 км ад горада Верхнядзвінска, на развілцы шашэйных дарог Верхнядзвінск – Асвея, Даўгаўпілс – Полацк.
У Вялікую Айчынную вайну нямецка-фашысцкія акупанты загубілі 12212 жыхароў Верхнядзвінскага раёна, спалілі 426 вёсак (многія пасля вайны не адрадзіліся, 69 вёсак увекавечаны ў мемарыяльным комплексе Хатынь, у т. л. 43 на Могілках вёсак). 1492 савецкія воіны і партызаны загінулі пры вызваленні тэрыторыі раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 3140 землякоў – на франтах Вялікай Айчыннай вайны.
У 1977 годзе на ўшанаванне памяці загінуўшых адкрыты мемарыяльны архітэктурна-скульптурны комплекс (скульптар І. Краўчанка, архітэктар М. Ткачук; бетон). У цэнтры кампазіцыі на насыпным узгорку ўстаноўлены скульптуры (вышыня 8 м) старога і дзяўчыны. Вакол узгорка ўкапаны 6 масіўных жалезабетонных слупоў, што нагадваюць процітанкавыя надаўбні. На іх нахільных тарцовых плоскасцях звесткі аб стратах раёна ў Вялікую Айчынную вайну. Прыводзяцца лічбы загінуўшых на франтах, загубленых і вывезеных у няволю нямецка-фашысцкімі захопнікамі жыхароў, назвы спаленых вёсак. Да мемарыяла з боку горада вядзе сцежка з бетонных пліт, у пачатку яе пастаўлена стэла. Уздоўж сцежкі, направа ад яе – вялікія камяні.
ЛІТАРАТУРА
1. Чуракова, Т. Р. Мемарыяльны комплекс ахвярам фашызму, спаленым вёскам, воінам-вызваліцелям і землякам / Т. Р. Чуракова, Т. В. Габрусь // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 160.