Курган Славы. Бешанковіцкі раён, г. п. Бешанковічы
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 25.03.2019 09:11
Курган Славы ў г. п. Бешанковічы знаходзіцца ў скверы на вуліцы Камуністычнай.
У ходзе Віцебска-Аршанскай наступальнай аперацыі ў складзе Беларускай аперацыі 1944 г., войскі 43-й арміі (генерал-лейтэнант А. П. Белабародаў) і 6-й гвардзейскай (генерал-лейтэнант І. М. Чысцякоў) арміі 1-га Прыбалтыйскага фронту 23 чэрвеня прарвалі абарону праціўніка на паўночны захад ад Віцебска, 24 чэрвеня выйшлі на правы бераг р. Заходняя Дзвіна, фарсіравалі яе ў басейне Бешанковічаў і захапілі 5 плацдармаў на левым беразе, 25 чэрвеня войскі 43-й арміі вызвалілі Бешанковічы. У раёне в. Гняздзілава злучыліся з войскамі 39-й арміі 3-га Беларускага фронту і завяршылі акружэнне віцебскай групоўкі праціўніка (5 дывізій), якая да 27 чэрвеня была разгромлена. У вызваленні горада і раёна ўдзельнічалі партызаны.
У 1966 г. на ўшанаванне памяці савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў пры вызваленні раёна, і землякоў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, насыпаны Курган. Побач пастаўлены 2 скульптуры – жанчына ў жалобе і жанчына-воін. Каля падножжа Кургана замуравана капсула з пісьмом нашчадкам.
ЛІТАРАТУРА
1. Курган Славы // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 121.