Віцебскія (Суражскія) вароты. Віцебскі раён, в. Заполле
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 02.04.2019 08:44
Віцебскія (Суражскія) вароты знаходзіцца ў цэнтры вёскі Заполле. У выніку наступлення Чырвонай Арміі зімой 1941–1942 гг. часці 4-й ударнай арміі ў баях супраць гітлераўцаў падышлі да Суражскага і Мехаўскага раёнаў Віцебскай вобласці. На дапамогу Чырвонай Арміі прыбылі партызанскія атрады М. Ф. Біруліна, М. I. Дзьячкова, М. П. Шмырова, Я. 3. Захарава, С. Т. Воранава. Сумеснымі баявымі дзеяннямі савецкіх воінаў і партызан была ачышчана ад ворага дарога Усвяты – Сураж ад раённага цэнтра Усвяты Смаленскай вобласці да в. Тарасенкі Віцебскага раёна. У лютым – сакавіку 1942 г. у гітлераўскай абароне ўтварыўся 40-кіламетровы пралом, які пазвалі Віцебскімі (Суражскімі) «варотамі». «Вароты» ўтрымлівалі воіны 4-й ударнай арміі і партызаны 1-й і 2-й Беларускіх брыгад. Яны адыгралі значную ролю ў разгортванні партызанскага руху на Віцебшчыне, дастаўцы боепрыпасаў, медыкаментаў для народных мсціўцаў. Праз «вароты» было эвакуіравана ў савецкі тыл каля 200 тыс. чалавек (жанчын, старых і дзяцей), адпраўляліся абозы з прадуктамі ў фонд Чырвонай Арміі. У маі – чэрвені 1942 г. народнымі мсціўцамі 1-й Беларускай партызанскай брыгады было сабрана і перапраўлена ў Савецкі фонд абароны каштоўнасцей на 7 млн. рублёў. Паміж атрадамі, штабамі 1-й Беларускай партызанскай брыгады і часцямі Чырвонай Арміі, а таксама Віцебскім абкамам і аблвыканкамам, якія размяшчаліся на тэрыторыі Усвяцкага і Веліжскага раёнаў Смаленскай вобласці, была ўстаноўлена тэлефонная сувязь.
25 верасня 1942 года нямецка-фашысцкія захопнікі значнымі вайсковымі сіламі пачалі наступленне з Віцебска, Суража і гарнізона ў в. Краслевічы Суражскага раёна, каб ліквідаваць Віцебскія «вароты». Пасля цяжкіх баёў супраць карнікаў партызаны вымушаны былі адступіць. 28 верасня 1942 года Віцебскія «вароты» былі закрыты.
У 1977 г. у памяць аб гэтых падзеях пастаўлены помнік (скульптар В. Ягадніцкі; бетон; вышыня пілонаў 11 і 9 м) – 2 расшыраныя ўнізе пілоны і стэла. Паміж пілонамі праходзіць вузкая, выкладзеная бетоннымі плітамі дарога, што сімвалізуе Віцебскія «вароты». Пілоны ў цэнтры апяразвае разарваны фрыз з рэльефнымі выявамі твараў воіна і партызана. Над імі – контурная выява пяціканцовай зоркі. Стрыманую эмацыянальнасць помніка падкрэсліваюць касы зрэз верхавіны пілонаў і суровая фактура бетону са слядамі апалубкі. Замыкае кампазіцыю стэла на 2 апорах, размешчаная па цэнтральнай восі ансамбля. Уздоўж дарогі – газоны.
ЛІТАРАТУРА
1. Васильев, В. «Витебские ворота» — дорога жизни / В. Васильев // Витебские вести. – 2017. – 4 февр. – С. 12.
2. Витебские ворота / авт. текста Н. В. Семешина ; ред. Т. С. Метер. – Мінск : Полымя, 1980. – 6 с.
3. Головко, С. Ворота жизни и борьбы / С. Головко // Беларуская думка. – 2014. – № 12. – С. 46–52.
4. Помнік Віцебскія «вароты» // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 188–189.
5. Сеньков, В. Славим, Сураж, твой подвиг! / В. Сеньков // Витьбичи. – 2013. – 29 окт. – С. 1, 7.
6. Шпаковская, Г. Витебские ворота памяти / Г. Шпаковская // Народнае слова. – 2007. –10 лют. – С. 4–5.
СПАСЫЛКІ