Помнік Герою Савецкага Саюза Грыгор’еву Георгію Сцяпанавічу. Віцебскі раён, аг. Копці
- Подробности
- Створана 01.04.2019 15:23
- Адноўлена 01.04.2019 11:40
На тэрыторыі воінскага мемарыяльнага комплексу імя Ленінскага камсамола ў 2013 годзе быў устаноўлены помнік Герою Савецкага Саюза Грыгор'еву Георгію Сцяпанавічу.
Нарадзіўся Георгій Сцяпанавіч у 1924 годзе ў вёсцы Лошкі Мажайскага павета Маскоўскай губерні ў сям'і селяніна. Пасля заканчэння сямігадовай школы паступіў у чыгуначнае вучылішча ў Любліне.
У лютым 1942 года Георгій Сцяпанавіч трапіў на фронт. Неаднаразова прабіраўся ў тыл праціўніка і ўдзельнічаў у самых рызыкоўных аперацыях.
Служыў у 114-й стралковай брыгадзе, а са студзеня 1944 г. – у 94-й асобнай гвардыі разведроты. Але нядоўга паслужыў у ёй Грыгор'еў. У ноч з 19 на 20 студзеня 1944 года групе разведчыкаў пад кіраўніцтвам Грыгор'ева было загадана прабрацца да перадавых варожых пазіцый у раёне вёскі Ваўчкі (на поўдзень ад Віцебска) і ўзяць у палон афіцэра. Разведчыкам удалося выявіць нямецкі штаб, захапіць жывымі двух «языкоў». У перастрэлцы Георгій Грыгор'еў атрымаў сур'ёзнае раненне. Разведчыкі былі блакіраваныя, адзіны шлях адступлення пралягаў праз поле, якое знаходзілася пад абстрэлам нямецкага дзота. Грыгор'еў, ацаніўшы сітуацыю, загадаў сваім людзям пакінуць яго і адыходзіць, сам жа, сабраўшы апошнія сілы, прабраўся да амбразуры і кінуўся грудзьмі на варожы кулямёт, прымусіўшы яго замаўчаць. Коштам уласнага жыцця ён дапамог таварышам адысці і адвесці з сабой палонных. У гэтым баі групай Грыгор'ева было знішчана каля 20 гітлераўцаў.
Гвардыі сяржант Грыгор'еў стаў адным з многіх савецкіх воінаў Вялікай Айчыннай вайны, якія паўтарылі подзвіг Аляксандра Матросава. Разведчыку не было тады і дваццаці гадоў.
Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 чэрвеня 1944 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання на фронце барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм гвардыі сяржанту Грыгор'еву Георгію Сцяпанавічу пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
ЛІТАРАТУРА
1. Русланова, Н. Величие подвига / Н. Русланова // Жыццё Прыдзвіння (Віцебск). – 2013. – 6 ліп. – С. 4.
СПАСЫЛКІ
Памятник Герою Советского Союза открыли в аг.Копти Витебского района