Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Мемарыяльны комплекс «Ходараўка». Докшыцкі раён

20 кастрычніка 1992 года ў 200 м на поўнач ад Новай вёскі быў адкрыты мемарыял ахвярам фашызму – вязням канцлагера Лiбараўшчына і палонным італьянцам, якія былі знішчаны тут падчас Другой сусветнай вайны.

Вясной 1944 года непадалёку ад станцыі Параф'янава, на ўскрайку в. Лібараўшчына быў створаны канцлагер. Здаровых вязняў адпраўлялi ў Германiю на прымусовыя працы, а ўсiх астатнiх знiшчылi ў бярэзнiку паблiзу фальварка Ходараўка, за 1,5–2 км ад в. Дзядкi. Тут гітлераўцы расстралялі 800 чалавек – 200 ваеннапалонных італьянцаў і 600 мірных жыхароў. Гэта былі жыхары Бешанковiцкага, Лепельскага, Ушацкага i Бягомльскага раёнаў, схопленыя ў ходзе карнай аперацыі супраць партызан Полацка-Ушацкай, Лепельскай i Бягомльска-Барысаўскай партызанскiх зон.

У пасляваенны час на месцы трагедыі быў пасаджаны бярозавы гай. У 1969 годзе на магілах паставілі абеліск ахвярам фашызму. Пазней у Ходараўцы за кошт італьянцаў быў узведзены мемарыяльны комплекс.

Цэнтральны ўваход мае форму каталіцкага крыжа. Побач лічбы 1944 і 1992 (дата трагедыі і дата пабудовы помніка) і дзяржаўныя сцягі Беларусі і Італіі. Далей прыступкі вядуць у бярэзнік, дзе размешчана аснова кампазіцыі. Абапал дарожкі – дванаццаць жаночых фігур, постаці і твары якіх адлюстроўваюць смутак і боль. А ў цэнтры – скульптура ляжачага мужчыны, якая, здаецца, вырастае з самой зямлі. Далей стаіць велізарны валун з бронзавай лічбай 800 – менавіта столькі чалавек закатавалі тут гітлераўцы – і мемарыяльнай таблічкай з надпісам на беларускай і італьянскай мовах: «На гэтым месцы ў 1944 годзе нямецка-нацысцкімі акупантамі былі расстраляны 600 жыхароў Рэспублікі Беларусь і 200 ваеннапалонных італьянцаў». За ім – крыж з польскамоўным надпісам «Jezu, ufam Tobie» («Езу, спадзяюся на Цябе»).

14 ліпеня 2012 года быў асвечаны новы крыж на мемарыяле «Ходараўка».

 

Мемарыяльны комплекс «Ходараўка». Фотаздымак з сайта https://tomkad.livejournal.comМемарыяльны комплекс «Ходараўка». Фотаздымак з сайта https://www.radzima.orgМемарыяльны комплекс «Ходараўка». Фотаздымак з сайта https://www.radzima.org

ЛІТАРАТУРА

1. Братская могила в д. Ходоровка // Витебская область: природа, туризм, спорт, отдых = Vitebsk region: the nature, tourism, sport, rest / под общ. ред. Л. Л. Прокофьевой. – Витебск : Витебский центр маркетинга, 2005. – С. 126.

2. Магіла італьянскіх вайскоўцаў // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 253.

3. Мемарыяльны комплекс «Ходараўка» // Докшыцкі край / Ф. А. Палачанін. – Мінск : Беларусь, 2009. – С. 165–169.

4. Падбярэзкая, Т. Італьянцы наведалі Ходараўку / Т. Падбярэзкая // Родныя вытокі (Докшыцы). – 2015. – 18 крас. – С. 1.

5. Пашэвіч, В. Помнік беларусам і італьянцам / В. Пашэвіч // Віцебскі рабочы. – 1992. – 27 кастр. – С. 3.

6. Пашэвіч, В. Рэквіем Ходараўкі / В. Пашэвіч // Родныя вытокі (Докшыцы). – 1992. – 31 кастр. – С. 1–2.

7. Синявский, П. Не войны, а мира хотят люди / П. Синявский // Народнае слова. – 1992. – 24 кастр. – С. 2.

8. Ходараўская трагедыя // Памяць: Докшыцкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.] ; уклад. А. В. Скараход ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : БелЭн, 2004. – С. 292–294.

9. Ходоровская трагедия // Докшицам 600 : справочно-информационные материалы / отдел идеологической работы Докшицкого райисполкома ; фото: С. А. Васько, Ю. А. Шульгат. – Новополоцк : О. В. Молодечкин, 2007. – С. 19.