Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Брацкія магілы савецкіх воінаў. Сенненскі раён

arrow Брацкая магіла савецкіх воінаў у г. Сянно

У парку Трох Герояў (раней – парк імя 40 годдзя УЛКСМ) у г. Сянно пахаваны Героі Савецкага Саюза Сяргей Дзмітрыевіч Барадулін, Павел Іванавіч Назаранка, Цімафей Іванавіч Святлічны – разлік гвардзейскай мінамётнай рэактыўнай устаноўкі («кацюшы»).

26 чэрвеня 1944 года батарэя рэактыўных мінамётных установак «кацюша» разам з перадавымі падраздзяленнямі 3-га гвардзейскага кавалерыйскага корпуса пераправілася цераз раку Абалянка і завязала каля в. Кажамякі бой з перавышаючымі сіламі нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У час бою адна з мінамётных установак, у разлік якой уваходзілі камандзір гвардыі сяржант Ц. І. Святлічны, вадзіцель гвардыі старшы сяржант П. І. Назаранка і наводчык гвардыі радавы С. Дз. Барадулін, была пашкоджана і акружана гітлераўцамі. 6 гадзін стрымлівалі гвардзейцы націск ворага, знішчылі больш за 500 салдат і афіцэраў, шмат тэхнікі. Загінулі ў гэтым баі. Званне Героя Савецкага Саюза ім прысвоена 24 сакавіка 1945 года.

Барадулін Сяргей Дзмітрыевіч нарадзіўся 8 кастрычніка 1924 года ў в. Лебедзі Унінскага раёна Кіраўскай вобласці ў сялянскай сям'і. Да вайны працаваў у калгасе. З чэрвеня 1943 года на Заходнім, 1-м і 2-м Прыбалтыйскіх і 3-м Беларускім франтах, наводчык рэактыўнай мінамётнай устаноўкі. Удзельнічаў у баях за вызваленне Смаленска, Невеля, Гарадка і Сянно. Імем С. Дз. Барадуліна названы вуліцы ў г. Сянно і г. Кіраў.

Назаранка Павел Іванавіч нарадзіўся 24 мая 1919 года ў с. Трохсельскае Новакубанскага раёна Краснадарскага краю ў сялянскай сям'і. З 1940 года – у Чырвонай Арміі, з 1942 года – на фронце, вадзіцель рэактыўнай мінамётнай устаноўкі. Імем П. І. Назаранкі названа вуліца ў г. Сянно.

Святлічны Цімафей Іванавіч нарадзіўся 1 мая 1917 года ў с. Святлічнае Залачэўскага раёна Харкаўскай вобласці ў сялянскай сям'і. З 1941 года на фронце. Імем Ц. І. Святлічнага названа вуліца ў г. Сянно.

У 1959 годзе на магіле пастаўлены помнік – скульптура воіна і пліта з надпісам-прысвячэннем.

arrow Брацкая магіла савецкіх воінаў у в. Задарожжа

У в. Задарожжа Сенненскага раёна на могілках пахаваны 4 воіны, якія загінулі ў канцы чэрвеня 1944 года ў баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1956 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

arrow Брацкая магіла савецкіх воінаў у в. Лучазарная

У в. Лучазарная Сенненскага раёна на могілках пахаваны 16 воінаў, якія загінулі ў ліпені 1941 года ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У 1955 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

arrow Брацкая магіла савецкіх воінаў у в. Новае Сяло

На ўсходняй ускраіне в. Новае Сяло Студзёнкаўскага сельсавета пахаваны 40 воінаў, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У 1957 годзе на магіле пастаўлены абеліск.

 

Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў у парку Трох Герояў г. Сянно. Сенненскі раён, г. Сянно. Фотаздымак з сайта http://www.senno.byБрацкая магіла савецкіх воінаў у в. Новае Сяло. Фотаздымак з сайта http://wwii.space.Брацкая магіла савецкіх воінаў у в. Лучазарная. Фотаздымак з сайта http://wwii.space

ЛІТАРАТУРА

1. Бандарэвіч, В. У гонар трох герояў / В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2014. – 5 жн. – С. 1.

2. Сенненскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 396–408.