Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Помнік «Родны край». Сенненскі раён, г. Сянно

3 ліпеня 2015 года падчас святкавання Дня Незалежнасці і 71-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у цэнтральным скверы г. Сянно адбылося ўрачыстае адкрыццё памятнага знака «Родны край». Помнік прысвечаны ўраджэнцы в. Клімавічы Сенненскага раёна Матроне Сяргееўне Маркевіч – майстру народнага мастацкага ткацтва.

Матрона Сяргееўна нарадзілася ў 1886 годзе, памерла ў 1957 годзе.

Імя гэтай простай сялянкі праславіў арнамент, вытканы ёю на ручніку. Узор пад назвай «Узыходзячае сонца» лёг у аснову арнаменту спачатку на сцяг Беларускай ССР, а затым – на дзяржаўны сцяг суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Свой адметны ручнік, які ўвайшоў у гісторыю, майстар выткала ў 1917 годзе, калі пражывала ў в. Касцялішча, куды пераехала пасля замужжа. Знакаміты ручнік трапіў у якасці ўзору ў сістэму прамысловай кааперацыі і захоўваўся ў Мінску ў фондах Белпрамсавета.

Скульптар помніка – Іван Казак, архітэктар-ліцейшчык – Ігар Шостак. Сенненскі краязнаўца Васіль Бандарэвіч прымаў удзел у распрацоўцы эскіза помніка.

Гэта першы і адзіны помнік дзяржаўнаму сцягу ў Беларусі.

Ганаровымі гасцямі цырымоніі адкрыцця сталі нашчадкі Матроны Маркевіч. На малую радзіму свайго знакамітага продка прыехалі каля 20 чалавек – дзеці, унукі, праўнукі і прапраўнукі знакамітага майстра дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.

Урачыстае права адкрыць памятны знак «Родны край» было прадастаўлена Васілю Чарадніку, скульптару Івану Казаку і праўнучцы Матроны Маркевіч В. Кацар. Пасля чаго ў неба ўзвіўся дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, які паднялі яшчэ адны знакамітыя ўраджэнцы Сенненшчыны, члены нацыянальнай зборнай па біятлоне Ірына і Віктар Крыўко.

 

Помнік «Родны край», прысвечаны Матроне Маркевіч. Сенненскі раён, г. Сянно. Фотаздымак з сайта http://www.fotobel.by

ЛІТАРАТУРА

1. Бандарэвіч, В. Як узор з сялянскага ручніка стаў нацыянальным здабыткам / В. Бандарэвіч // Голас Сенненшчыны. – 2015. – 8 мая. – С. 4 ; 12 мая. – С. 5 ; 16 мая. – С. 3 ; 19 мая. – С. 5.

2. Бараноўскі, А. В. Матруна Маркевіч – аўтар узору, узятага за аснову арнаменту на дзяржаўным сцягу Беларусі / А. В. Бараноўскі // Віцебскі край / рэдкал.: Т. Н. Адамян [і інш.]. – Минск : Нацыянальная бібліятэка Беларусі, 2017. – Т. 2 : Матэрыялы II Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прысвечанай 385-годдзю выхаду ў свет «Буквара» Спірыдона Собаля. 24 лістапада 2016 г., Віцебск. – С. 21–23.

3. Бынькоў, А. Сенненскі след дзяржаўнай сімволікі / А. Бынькоў // Витебские вести. – 2013. – 17 окт. – С. 21.

4. Захаров, А. Взошедшее солнце Матрёны Маркевич / А. Захаров // Сельская газета. – 2019. – 9 апр. – С. 15.

5. Кавалевский, С. Орнамент Матрены и Михаила / С. Кавалевский // Витебские вести. – 2016. – 6 окт. – С. 6.

6. Маркевіч Матруна Сяргееўна // Памяць: Сенненскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: У. С. Богаў [і інш.] ; уклад. С. В. Шайко ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Паліграфафармленне, 2003. – С. 551–552.

7. Пастернак, Т. Послание Матрены Маркевич / Т. Пастернак // Витебские вести. – 2015. – 2 июля. – С. 4.

8. Пяць прычын наведаць Сенненскі раён / падрыхт. Н. Чарнічэнка // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 23 марта. – С. 6.