Мемарыяльны комплекс «Барок». Глыбоцкі раён, г. Глыбокае
- Подробности
- Створана 26.11.2019 15:23
- Адноўлена 26.11.2019 09:33
У 1964 г. на месцы шматлікіх пахаванняў ваеннапалонных і мірнага насельніцтва быў створаны мемарыяльны комплекс «Барок». Першапачаткова комплекс складаўся з абеліска, скульптуры воіна і 27 агульных магіл з выявай зоркі на кожнай.
У 1993 г. была распрацавана новая кампазіцыя мемарыяльнага комплексу. Аўтарам стаў мінскі скульптар В. Якавенка.
Сучасны мемарыяльны комплекс «Барок» прадстаўляе сабой суцэльны архітэктурна-скульптурны ансамбль.
Мемарыяльны комплекс быў урачыста адкрыты 3 ліпеня 1994 года, у год 50-й гадавіны вызвалення Глыбоччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Адкрываюць комплекс вароты ў выглядзе старонак расчыненай кнігі, на якіх напісаны словы: «Тут пахавана звыш 27 тысяч ваеннапалонных вязняў лагера смерці Беразвечча і каля 200 італьянскіх салдатаў, знішчаных нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў 1941–1944 гадах».
У алеі памяці размешчаны дзве скульптурныя кампазіцыі, якія ўвасабляюць ваеннапалонных і грамадзянскіх ахвяр вайны.
Помнік ваеннапалонным уяўляе сабой трохкутны камень, з якога падае ў яму ўніз галавой схуднелае і змарнаванае цела вязня канцлагера, ногі якога апутаны калючым дротам.
Помнік грамадзянскім ахвярам вайны – гэта дзве стэлы вышынёй 5 м з шэрага бетону, якія злучае крыж з распяццем.
На стэлах надпісы: «Людзі добрыя, памятайце, яны любілі жыццё, Радзіму і вас»; «Пусть с вами всегда будет Божья благодать».
На помніку шыльда «Воінскае пахаванне № 2196».
Уздоўж алеі ляжаць 27 камянёў, на кожным з іх выбіта лічба 1000.
27 тысяч бязвінных ахвяр пахаваны ў Барку.
ЛІТАРАТУРА
1. Берникович, Д. Дань памяти / Д. Берникович // Витебские вести. – 2018. – 13 нояб. – С. 2.
2. Берникович, Д. Сквозь гранит истории / Д. Берникович // Витебские вести. – 2019. – 25 июля. – С. 4.
3. Могілкі савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 227.
4. Пукшанскі, А. Загінулі пад Глыбокім... / А. Пукшанскі // Звязда. – 2015. – 16 крас. – С. 2.