Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Афганистан. Без права на забвение

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Художники Витебщины

Месца базіравання талачынскіх падпольных райкамаў КП(б)Б i ЛКСМБ, партызанскіх брыгад «Граза» i М. П. Гудкова. Талачынскі раён, в. Янава

Знаходзіцца за 2 км на поўнач ад вёскі Янава, у лесе. Тут дыслацыраваліся партызанскія брыгады «Граза» і М. П. Гудкова, талачынскія падпольныя райкамы КП(б)Б і ЛКСМБ.

Талачынскі падпольны райкам КП(б)Б дзейнічаў з 8 ліпеня 1943 па 26 чэрвеня 1944 гг. Сакратары С. М. Нарчук (да 28 мая 1944 г.), А. П. Пахамовіч (май – 26 чэрвеня 1944 г.). Райкам вёў палітычную і арганізацыйную работу сярод насельніцтва, кіраваў партызанскім рухам, выдаваў газету «Чырвоны хлебароб».

Талачынскі падпольны райкам ЛКСМБ дзейнічаў са жніўня 1942 па чэрвень 1944 гг. Сакратары Л. М. Міхайлава, А. У. Рак (сакратар па прапагандзе). Райкам ствараў камсамольска-маладзёжнае падполле, пярвічныя камсамольскія арганізацыі, кіраваў імі, вёў палітыка-выхаваўчую і арганізатарскую работу сярод моладзі, узнімаў яе на барацьбу супраць акупантаў.

Партызанскі атрад «Граза» арганізаваны ў чэрвені 1942 года ў савецкім тыле (50 чалавек, камандзір М. А. Рашэтнікаў, камісар С. М. Нарчук). Атрад перайшоў лінію фронту і 22 ліпеня прыбыў на месца дыслакацыі ў Талачынскі раён, аб'яднаўся з мясцовай партызанскай групай С. Т. Баранава (створана ў сакавіку 1942 года; 27 чалавек).

У жніўні 1942 года на базе атрада створана брыгада «Граза» (па ліпень 1943 г. называлася партызанская брыгада «Дзядзькі Колі»).

Камандзіры: М. А. Рашэтнікаў (жнівень 1942 – чэрвень 1943 гг.), С. М. Нарчук (чэрвень1943 – май 1944 гг., загінуў), Д. М. Катлярчук (чэрвень 1944 г.), А. Д. Варашэнь (чэрвень 1944 г.); камісар С. М. Нарчук (жнівень 1942 – чэрвень 1943 гг.).

Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Талачынскага і Чашніцкага раёнаў.

Партызаны праводзілі дыверсіі на камунікацыях ворага, вялі адкрытыя і засадныя баі, знішчалі жывую сілу і тэхніку праціўніка. У жніўні 1943 года на чыгуначным участку Пярэвалачня – Коханава падарвалі больш за 500 рэек. У 1944 годзе разграмілі гарнізон у в. Курчоўская Усвейка Талачынскага раёна.

26 чэрвеня 1944 года брыгада (9 атрадаў, 673 партызаны) злучылася з Чырвонай Арміяй.

Партызанская брыгада М. П. Гудкова створана ў жніўні 1942 г. на базе атрада М. П. Гудкова, арганізаванага вясной 1942 года з групы ваеннаслужачых і мясцовых жыхароў, і атрада В. С. Лявонава, які дзейнічаў у Сенненскім раёне.

У кастрычніку 1942 года ў час баёў супраць карнікаў большасць асабовага складу брыгады ўвайшла ў Сенненскую партызанскую брыгаду.

У лістападзе 1942 года брыгада адноўлена ў складзе 2 атрадаў, пазней папаўнялася мясцовымі жыхарамі і ваеннаслужачымі, якія трапілі ў акружэнне.

Камандзір М. П. Гудкоў, камісары В. С. Лявонаў (жнівень – кастрычнік 1942 г.), I. Р. Фінагееў (люты – чэрвень 1943 г.), Ф. П. Ігнатовіч (чэрвень 1943 – чэрвень 1944 гг.).

Дзейнічала на тэрыторыі Талачынскага, Сенненскага, Лепельскага, Чашніцкага раёнаў Віцебскай вобласці, Халопеніцкага і Крупскага раёнаў Мінскай вобласці.

Народныя мсціўцы наносілі ўдары па камунікацыях праціўніка, падрывалі эшалоны, што ішлі на фронт, вялі засадныя і адкрытыя баі. У час «рэйкавай вайны» (жнівень 1943 г.) на ўчастку Коханава – Талачын падарвалі больш за 500 рэек. У жніўні 1942 года разграмілі варожыя гарнізоны ў вёсках Відокі Сенненскага, Вятны Чашніцкага раёнаў, у красавіку 1944 года – у вёсцы Шэйка Крупскага раёна.

26 чэрвеня 1944 года брыгада (7 атрадаў, 632 партызаны) злучылася з Чырвонай Арміяй.

У 1980 годзе ў гонар Талачынскіх падпольных райкамаў КП(б)Б і ЛКСМБ, партызанскіх брыгад «Граза» і М. П. Гудкова ў лесе паміж вёскамі Янава і Узноснае, на месцы базіравання брыгады М. П. Гудкова, адноўлены 2 зямлянкі і пастаўлена стэла.

 

Памятная дошка на месцы базіравання партызанскіх брыгад «Граза» i М. П. Гудкова. Талачынскі раён. Фотаздымак з сайта http://www.natal.byСтэла на месцы базіравання брыгады М. П. Гудкова. Талачынскі раён. Фотаздымак з сайта http://www.natal.byСтэла на месцы базіравання брыгады М. П. Гудкова. Талачынскі раён. Фотаздымак з сайта http://www.natal.byАдноўленая зямлянка на месцы базіравання брыгады М. П. Гудкова. Талачынскі раён. Фотаздымак з сайта http://www.natal.by

ЛІТАРАТУРА

1. Бирюков, В. Из поколения – в поколение. Во имя будущего / В. Бирюков // Наша Талачыншчына. – 2019. – 6 ліп. – С. 1, 4.

2. Дулеба, Г. І. Месца базіравання талачынскіх падпольных райкомаў КП(б)Б i ЛКСМБ, партызанскіх брыгад «Граза» i М. П. Гудкова (в. Янава) / Г. І. Дулеба // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 420.