Мемарыял абаронцам Айчыны. Расонскі раён, в. Грышына
- Подробности
- Створана 07.04.2020 09:34
- Адноўлена 07.04.2020 15:08
У студзені 1944 года за 0,5 км на паўночны ўсход ад в. Грышына ў 8-мі магілах былі пахаваны 161 воін і 6 партызан, якія загінулі ў баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў ці памерлі ад ран у шпіталі, што размяшчаўся ў вёсцы.
У 1978 годзе на могілках быў пастаўлены мемарыял, які ўяўляў бетонную стэлу вышынёй 2,5 м і 8 надмагільных пліт.
На кожнае воінскае пахаванне або пахаванне ахвяр вайны ў Рэспубліцы Беларусь аформлены спецыяльны пашпарт. Брацкая магіла каля в. Грышына мае пашпарт пад ўліковым нумарам 2628. У адпаведнасці з дадзеным дакументам апошняе перапахаванне астанкаў салдат адбылося 14 красавіка 1980 года. Дата першага пахавання – студзень 1944 года. У той час недалёка ад в. Грышына праходзіла лінія фронту, а ў самім населеным пункце размяшчаўся ваенны шпіталь.
Персанал ваеннага шпіталя ў в. Грышына хаваў нябожчыкаў у брацкія магілы. Пазней тут былі перапахаваны воіны-вызваліцелі, якія раней былі пахаваны ў вёсках Ільіно, Лісіцы, Мурагі, Галубова, Ніўё, Нізінкі, Антонава, Залешчанкі, Навасельцы, Мамолі, Клюшкова і іншых.
Апошняе перапахаванне абаронцаў Радзімы ў брацкай магіле было прымеркавана да 35-годдзя Вялікай Перамогі. Быў адкрыты помнік воінам 219-й Ідрыцкай Чырванасцяжнай стралковай дывізіі і партызанам брыгады імя Сталіна, праведзена перапахаванне 96 воінаў 219-й стралковай дывізіі і трох партызан брыгады імя Сталіна.
З 1969 года настаўніца наваполацкай СШ № 2 Трапезнікава Я. А. кіравала атрадам «Чырвоныя следапыты» і школьным народным музеем баявой славы, была старшынёй школьнага ваенна-патрыятычнага клуба «Разведчыкі воінскай славы». Дзякуючы Яўгеніі Анатольеўне і наваполацкім школьнікам, былі ўстаноўлены імёны і прозвішчы многіх загінуўшых і пахаваных у брацкай магіле каля в. Грышына.
Па афіцыйных звестках у брацкай магіле з 600 пахаваных воінаў і партызан вядомы імёны толькі 244.
У воінскім захараненні знаходзяцца астанкі 600 салдат і афіцэраў, партызан. Гэта воіны 119-й, 219-й, 358-й, 360-й стралковых дывізій, 171-га асобнага танкавага батальёна, якія загінулі ў баях у гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні Расонскага раёна, і памерлыя ад атрыманых ран у мясцовым ваенным шпіталі.
21 жніўня 2019 года адбылося ўрачыстае адкрыццё мемарыяла абаронцам Айчыны, загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны, пасля рэканструкцыі. Сродкі на рамонт былі зароблены на суботніках.
Мемарыял на брацкай магіле каля вёскі Грышына – адно з чатырох воінскіх пахаванняў на тэрыторыі Расоншчыны, якое ўключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
ЛІТАРАТУРА
1. Алексеева, М. Гранит памяти тоже подвержен времени / М. Алексеева // Голас Расоншчыны. – 2019. – 19 студз. – С. 4.
2. Бородулькина, А. Дан старт акции памяти / Алена Бородулькина // Віцьбічы = Витьбичи. – 2019. – 24 авг. – С. 7.
3. Бут, А. Во славу общей Победы! / А. Бут // Витебские вести. – 2019. – 24 авг. – С. 2.
4. Вайсковыя могілкі // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 385.
5. Помнікі гісторыі і культуры Расоншчыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 547–554.
6. Расонскі раён // Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь / склад.: В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. – Мінск : БЕЛТА, 2009. – С. 201–203.
СПАСЫЛКІ