Помнік у гонар партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага. Расонскі раён, в. Роўнае Поле
- Подробности
- Створана 07.04.2020 09:34
- Адноўлена 07.04.2020 16:06
У 1942–1943 гг. каля в. Роўнае Поле базіраваўся штаб партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага, якая была створана ў ліпені 1942 года на базе атрадаў імя І. В. Сталіна, імя К. Я. Варашылава, імя В. П. Чкалава, імя В. І. Чапаева, імя В. М. Молатава і 17-га атрада асобага прызначэння 29-й арміі.
Да сакавіка 1943 года партызанская брыгада называлася «За Савецкую Беларусь». Камандзіры брыгады: А. І. Петракоў (ліпень–верасень 1942 года), У. Н. Дарменаў (верасень–лістапад 1942 года, верасень 1943 – студзень 1944 гг.), А. В. Раманаў (лістапад 1942 – сакавік 1943 гг., сакавік 1943 – ліпень 1944 гг.). Камісары: А. В. Раманаў (ліпень 1942 – сакавік 1943 гг., Ш. Н. Нігамаеў (снежань 1942 – сакавік 1943 гг.), Ш. Н. Нігамаеў (снежань 1942 – сакавік 1943 гг., лістапад 1943 – ліпень 1944 гг.), П. М. Машэраў (сакавік–лістапад 1943 года).
У жніўні 1942 года партызаны брыгады падарвалі 110-метровы чыгуначны мост праз р. Дрыса. У выніку гэтай аперацыі на 16 сутак была выведзена са строю чыгунка Полацк – Дрыса.
У верасні 1942 года разграмілі варожы гарнізон на чыгуначнай станцыі Свольна.
У кастрычніку 1942 года сумесна з партызанамі брыгад Асвейскай імя М. В. Фрунзе і Дрысенскай правялі паспяховую аперацыю па разгроме 8 фашысцкіх гарнізонаў на чыгуначным участку Боркавічы – Дрыса. Разграмілі варожы гарнізон у в. Вецслабада (Латвія).
У лютым 1943 года нанеслі вялікія страты ворагу ў баях каля вёсак Дрысенскага і Асвейскага раёнаў. У сакавіку 1943 года партызаны брыгады штурмавалі варожы гарнізон у в. Каханавічы Асвейскага раёна.
Брыгада ў час баявога маршу з Расонскага ў Пастаўскі раён вяла баі супраць акупантаў пры пераходзе чыгункі Полацк – Дрыса і фарсіраванні Заходняй Дзвіны, у сакавіку 1944 года – каля г. п. Відзы, у красавіку – каля вёсак Ажуны і Варапаева Дунілавіцкага, у маі – каля в. Валодзькі Докшыцкага раёнаў.
У ноч на 20 чэрвеня 1944 года на чыгуначных участках Крулеўшчына – Глыбокае – Варапаева – Паставы партызаны брыгады ўзарвалі больш за 1300 рэек.
3 ліпеня 1944 года брыгада ў складзе 7 атрадаў: імя Сяргея, імя М. А. Шчорса, імя У. І. Леніна, імя Р. І. Катоўскага, імя Г. К. Жукава, імя Ф. Э. Дзяржынскага, імя А. І. Петракова (915 партызан) злучылася з часцямі Чырвонай Арміі.
У гонар баявых дзеянняў партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага ў 1979 годзе пастаўлены абеліск з асіметрычна ўрэзанымі блокамі. На адным з іх – рэльефная выява твараў партызан, на другім – сярпа і молата. Побач з абеліскам – пліта з тэкстам-прысвячэннем. Каля асновы абеліска замуравана завяшчанне. Прачытаць яго павінны ў 2045 годзе.
ЛІТАРАТУРА
1. Помнікі гісторыі і культуры Расоншчыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 547–554
2. Помнік у гонар партызанскай брыгады імя К. К. Ракасоўскага // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 391–392.