Помнік у гонар Расонскай партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна. Расонскі раён, в. Межна
- Подробности
- Створана 07.04.2020 09:34
- Адноўлена 07.04.2020 16:10
Расонская партызанская брыгада імя І. В. Сталіна створана ў жніўні 1942 года на базе асобнай групы атрадаў Расонскага раёна, якія ўваходзілі ў партызанскую брыгаду «За Савецкую Беларусь» (пазней – партызанская брыгада імя К. К. Ракасоўскага).
Дзейнічала на тэрыторыі Расонскага, Асвейскага, Полацкага раёнаў Віцебскай вобласці, Беларусі і Калінінскай вобласці (Расія). Камандзір брыгады – Р. А. Ахоцін (да лістапада 1943 года); камісары В. Я. Лапенка (да кастрычніка 1942 года; загінуў), Я. П. Васілевіч (кастрычнік 1942 – лістапад 1943 гг.).
Партызаны праводзілі дыверсіі на чыгунках Полацк – Невель, Полацк – Даўгаўпілс, Себеж – Рэзекне – Даўгаўпілс, Пустошка – Себеж.
У жніўні 1942 года партызаны разграмілі фашысцкія гарнізоны ў аграгарадках Сакалішча і Клясціцы, у верасні – у г. п. Расоны, поўнасцю вызвалілі Расонскі раён ад нямецка-фашысцкіх акупантаў. На тэрыторыі Расонска-Асвейскай партызанскай зоны была адноўлена савецкая ўлада.
У лютым–сакавіку, кастрычніку–лістападзе 1943 года партызаны брыгады вялі баі з карнымі экспедыцыямі фашыстаў. Удзельнічалі ў аперацыі «Рэйкавая вайна» на чыгунцы Полацк – Невель (участак Дрэтунь – Турычына).
У жніўні 1943 года знішчылі больш за 1,2 тыс. рэек.
3 лістапада 1943 года брыгада ў складзе 4 батальёнаў, артылерыйскага дывізіёна, атрадаў імя І. В. Сталіна, імя К. Я. Варашылава, імя В. І. Чапаева, імя В. П. Чкалава, імя С. М. Кірава, імя М. В. Фрунзе, імя М. І. Калініна, імя В. Я. Лапенкі, імя А. В. Суворава, імя Г. К. Жукава, імя В. М. Молатава (2309 партызан) злучылася з часцямі Чырвонай Арміі. Разам з савецкімі воінамі народныя мсціўцы ў лістападзе 1943 года разграмілі фашысцкія гарнізоны ў вёсках Харлашы, Трыполле, Гарадзішча Расонскага раёна.
У 1977 годзе за 800 м на захад ад в. Межна Расонскага раёна на развілцы дарог Дрэтунь – Краснаполле ў гонар Расонскай партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна ўстаноўлены помнік: стылізаваны пілон з выявай пяціканцовай зоркі і назвамі атрадаў брыгады.
ЛІТАРАТУРА
1. Помнікі гісторыі і культуры Расоншчыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 547–554.
2. Чуракова, Т. Р. Помнік у гонар Расонскай партызанскай брыгады імя І. В. Сталіна / Т. Р. Чуракова // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 390.