Помнік партызанам і мірным жыхарам. Расонскі раён, в. Канюхова
- Подробности
- Створана 07.04.2020 09:34
- Адноўлена 07.04.2020 16:13
У снежні 1943 года – студзені 1944 года нямецка-фашысцкія акупанты праводзілі адну са шматлікіх аперацый па разгроме партызан і масавым знішчэнні мірных жыхароў, якая ахапіла тэрыторыю паміж Полацкам, Себежам і Дрысай.
Абараняючы мірнае насельніцтва, каля 7 тысяч партызан брыгад Асвейскай імя М. В. Фрунзе, 1-й і 2-й Дрысенскіх, Латвійскай, Калінінскіх стрымлівалі націск 25 тысяч знятых з фронту гітлераўскіх войскаў з танкамі і авіяцыяй. Сілы былі няроўныя, і блакаднае кальцо звужалася.
У радыусе 10 км вакол в. Роўнае Поле сканцэнтраваліся партызанскія брыгады, некалькі тысяч мірных жыхароў.
24 снежня 1943 года партызаны атрымалі радыёграму Беларускага штаба партызанскага руху пра вывад насельніцтва за лінію фронту.
На нарадзе падпольных Асвейскага і Дрысенскага райкамаў КП(б)Б і партызанскага камандавання было вырашана ў ноч з 27 на 28 снежня прарваць варожую блакаду паміж вёскамі Сакалішча і Клясціцы і вывесці людзей у савецкі тыл.
Ударная група беларускіх і латышскіх партызан фарсіравала раку Нішча каля в. Канюхова. У кароткім жорсткім баі прарвала блакаду амаль на кіламетровым участку.
За лінію фронту было выведзена больш за 10 тысяч чалавек.
У 1974 годзе на ўшанаванне памяці партызан і мірных жыхароў, якія загінулі ў час прарыву блакады, за 0,3 км на ўсход ад в. Канюхова каля шашы Полацк – Юхавічы быў пастаўлены абеліск.
ЛІТАРАТУРА
1. Помнікі гісторыі і культуры Расоншчыны // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Расонскага раёна / рэдкал.: Б. І. Сачанка [і інш.] ; мастак А. М. Хількевіч. – Мінск : БелЭн імя П. Броўкі, 1994. – С. 547–554.
1. Чуракова, Т. Р. Помнік партызанам і мірным жыхарам / Т. Р. Чуракова // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 387.