Мемарыяльны комплекс «Прарыў». Ушацкі раён
- Подробности
- Створана 18.10.2018 15:23
- Адноўлена 28.05.2020 10:34
Помнік партызанскай славы – мемарыяльны комплекс «Прарыў» – знаходзіцца за 7 км ад г. п. Ушачы, паміж вёскамі Паперына, Пліна і Новае Сяло. На гэтым месцы 16 партызанскіх брыгад на чале з Героем Савецкага Саюза У. Лабанком змагаліся з карнымі атрадамі да прыходу Савецкай Арміі.
Полацка-Лепельская партызанская зона – адна з самых буйных партызанскіх зон у Рэспубліцы Беларусь. Яе тэрыторыя складала больш за 3 тыс. км2. Тут знаходзілася 1220 населеных пунктаў, у якіх пражывала каля 80 тыс. мірных жыхароў. Каб ачысціць свае тылы ад партызан, гітлераўцы ў снежні 1943 – лютым 1944 гг. зрабілі 5 безвыніковых карных аперацый. Яшчэ 2 – распрацаваны вясной 1944 года. Супраць 17 тыс. партызан было сцягнута больш за 60 тыс. карнікаў. 11 красавіка 1944 года пачалася адна з самых буйных карных аперацый за ўсю гісторыю Вялікай Айчыннай вайны. За перыяд баёў партызанам Полацка-Лепельскай зоны на самалётах было перапраўлена больш за 250 тон грузаў, вывезена каля 1500 параненых і хворых. Калі на ўчастках партызанскай абароны стварылася асабліва цяжкае становішча, з 20 красавіка 1944 года франтавая авіяцыя савецкіх войск наносіла ўдары па ворагу ў раёне вёсак Цётча, Мосар, Старынкі, Кісялёва, Забораўна і інш. 25 сутак ішлі цяжкія няроўныя баі, партызанскія атрады і брыгады адбівалі жорсткія атакі фашыстаў. 27 красавіка цаной вялікіх страт карнікі звузілі кола акружэння. Даўжыня партызанскай лініі абароны зменшылася да 20 км. У ноч з 4 на 5 мая партызаны ажыццявілі легендарны прарыў агнявога кольца, выйшлі з акружэння і вывелі 15 тыс. чалавек мірнага насельніцтва.
30 чэрвеня 1974 года ў гонар подзвігу партызан Полацка-Лепельскай партызанскай зоны адкрыты мемарыяльны комплекс «Прарыў» (скульптар А. Анікейчык, архітэктары: Ю. Градаў, Л. Левін). Выкананы з бетону, бронзы. Увесь ансамбль мемарыяльнага комплексу пабудаваны такім чынам, што наведвальнікі мемарыяла праходзяць па тым шляху, у тым напрамку, у якім прарываліся партызаны. У пачатку комплексу забетанаваны адрэзак шляху, па якім ішлі на прарыў партызаны. Дарога на перападах рэльефу спускаецца прыступкамі, агінае невялікае балотца, робіцца шырэй каля бронзавай пліты – карты з рэльефнай схемай абароны партызанскай зоны на 11 красавіка 1944 года з надпісам: «Партызанскія злучэнні Полацка-Лепельскай зоны пасля працяглых жорсткіх бітваў з фашысцкімі карнікамі ў маі 1944 года каля вёсак Пліна і Паперына здзейснілі легендарны прарыў варожай блакады. Іх было 17185 супраць 60000. Мужнасць народа перамагла смерць і стала бессмяротнасцю».
Далей дарога, сціснутая шэрымі бетоннымі сценамі, на якіх замацаваны бронзавыя пласціны з назвамі партызанскіх брыгад, што ўдзельнічалі ў прарыве, вядзе да вяршыні ўзгорка. На ім у разрыве бетоннай сцяны-глыбы (вышыня 11 м), якая сімвалізуе прарыў кольца блакады, узвышаецца 9-метровая бронзавая фігура партызана з аўтаматам у руцэ. На верхняй пляцоўцы ўзвышша, справа ад скульптуры, брацкая магіла. Тут пахавана 450 партызан з тых, што загінулі ў час прарыву. Паўколам устаноўлены 33 пліты з імёнамі 1452 удзельнікаў прарыву. Побач бронзавая кампазіцыя «Апошні прывал» – 3 карабіны ў пірамідзе і стужка з надпісам: «Яны загінулі ў барацьбе з ворагам, выконваючы свой свяшчэнны абавязак перад Савецкай Радзімай і гісторыяй». На ўзгорку пасаджаны 16 дубоў, якія сімвалізуюць стойкасць 16-ці партызанскіх брыгад.
У 2015–2016 гг. праведзена капітальная рэканструкцыя мемарыяльнага комплексу з рэстаўрацыяй. Былі цалкам заменены тарцовыя сцены 11-метровых глыб. Пры рэстаўрацыі фігуры партызана была заменена ўнутраная арматура, пастамент, на якім ён размешчаны. У ходзе рэканструкцыі многія элементы мемарыяльнага комплексу былі выкананы з граніту – сімвала стойкасці, вечнасці. Перавага чырвонага граніту падкрэслівае той факт, што трываласць гэта каштавала многіх жыццяў.
Новым элементам мемарыяльнага комплексу з'яўляецца імправізаваная «Партызанская вёска», якая дае магчымасць пазнаёміцца з побытам партызан Ушаччыны. Яшчэ адно новаўвядзенне – выстава вайсковай тэхнікі.
ЛІТАРАТУРА
1. Клачкова, В. Ушацкі прарыў / В. Клачкова // Мы – беларусы / уклад. Т. Бондар. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2003. – С. 39.
2. Караткевіч, В. Б. Мемарыяльны комплекс «Прарыў» / В. Б. Караткевіч, Л. Г. Лапцэвіч // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 433–435.
3. Караткевіч, В. Б. Мемарыяльны комплекс «Прарыў» / В. Б. Караткевіч, Л. Г. Лапцэвіч // Памяць: Ушацкі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал.: Г. К. Кісялёў [і інш.] ; уклад. М. М. Кірпіч ; мастак Э. Э. Жакевіч. – Мінск : Белта, 2003. – С. 247–248.
4. Прарыў : мемарыяльны комплекс / аўт. тэксту М. М. Кірпіч. – Минск : Беларусь, 1983. – 32 с.
5. Прарыў = The break through = La persee : мемарыяльны комплекс: фотаальбом / тэкст М. М. Кірпіча, В. К. Пасаха ; фота А. М. Манцветава. – Мінск : Беларусь, 1978. – 34 с.
6. «Прорыв» // Регионы Беларуси : энциклопедия : в 7 т. / редкол.: Т. В. Белова [и др.]. – Минск : БелЭн імя П. Броўкі, 2010. – Т. 2 : Витебская область : в 2 кн. – Кн. 2. – С. 383.
7. Раманоўскі, Д. Народная будоўля / Д. Раманоўскі // Патрыёт (Ушачы). – 2016. – 23 крас. – С. 1, 4.
8. Рэканструкцыя мемарыяла – справа гонару жыхароў Віцебшчыны // Патрыёт (Ушачы). – 2016. – 12 мая. – С. 4–5.
9. Салавей, М. «Прарыў» / М. Салавей // Мы і час (Віцебск). – 2018. – 19 мая. – С. 2.
10. Телятко, Е. Сильнее времени благодарность / Е. Телятко // Витебские вести. – 2016. – 12 мая. – С. 2.
11. Тут моўчкі стаяць дарослыя, тут вучаць гісторыю дзеці // Патрыёт (Ушачы). – 2017. – 5 мая. – С. 4.
12. Чарнічэнка, Н. Памяць мацней за час / падрыхт.: Н. Чарнічэнка; С. Ермалаеў, А. Шэдзько // Герой працы (Шумiлiна). – 2016. – 13 мая. – С. 1, 4.
13. Шведов, О. Вдохнуть вторую жизнь / О. Шведов // Витебские вести. – 2015. – 26 мая. – С. 1–2.