Мемарыяльныя дошкі Героям Савецкага Саюза. Шумілінскі раён
- Подробности
- Створана 25.06.2020 15:23
- Адноўлена 25.06.2020 10:47
Мемарыяльная дошка Акуцыёнку П. А. (г. п. Шуміліна)
Акуцыёнак Пётр Антонавіч – Герой Савецкага Саюза (прысвоена 30 кастрычніка 1943 года). У кастрычніку 1943 года ўзвод пад камандаваннем малодшага лейтэнанта П. А. Акуцыёнка захапіў плацдарм на правым беразе Дняпра каля г. п. Лоеў і ўтрымліваў яго да падыходу галоўных сіл. Загінуў у баі 15 кастрычніка 1943 года. Яго імем названы вуліцы ў гарадскіх пасёлках Шуміліна і Лоеў.
У 1962 годзе на будынку ДУА «Сярэдняя школа № 1 імя Героя Савецкага Саюза П. А. Акуцыёнка», дзе ён вучыўся, усталявана мемарыяльная дошка.
Мемарыяльная дошка Мінчугову Дз. М. (г. п. Шуміліна)
Мінчугоў Дзмітрый Міхайлавіч – Герой Савецкага Саюза (прысвоена 24 ліпеня 1943 года), камандзір авіяэскадрыллі, маёр. Зрабіў 118 баявых вылетаў, з іх 41 ноччу.
У 1969 годзе на будынку ДУА «Сярэдняя школа № 1 г. п. Шуміліна», у якой ён вучыўся ў 1920–1927 гг., усталявана мемарыяльная дошка.
Мемарыяльная дошка Партновай З. М. (г. п. Обаль)
Партнова Зінаіда Мартынаўна – удзельніца камсамольскага падполля і партызанскага руху ў Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны, Герой Савецкага Саюза (прысвоена 1 ліпеня 1958 года).
У снежні 1943 года, калі З. Партнова выканала заданне і вярталася ў атрад, натрапіла на засаду, была схоплена гітлераўцамі ў в. Масцішча. На допыце застрэліла нямецкага афіцэра. Юную патрыётку завезлі ў в. Баравуха і ў студзені 1944 года закатавалі.
У 1969 годзе на доме (вуліца Азолінай, 1) у г. п. Обаль Шумілінскага раёна, дзе ў 1941–1943 гг. жыла 3. М. Партнова, усталявана мемарыяльная дошка. Яе імя прысвоена мясцовай школе.
ЛІТАРАТУРА
1. Шумілінскі раён // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі. Віцебская вобласць / рэдкал.: С. В. Марцэлеў [і інш.]. – Мінск : БелСЭ імя П. Броўкі, 1985. – С. 464–475.